Сэнатар Кэмпбэл: «Пры рэжыме Лукашэнкі законнасьць парушаецца беспакарана»
20 июля 2001

Сэнатар Бэн Найтарс Кэмпбэл, старшыня Камісіі ў справе Бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, якая вядомая і пад назовам Гэльсынскай камісіі, зрабіў заяву, прысьвечаную зьніклым беларускім апазыцыйным лідэрам.

«Сёньня я меў магчымасьць сустрэцца з чатырма жонкамі беларускіх апазыцыйных лідэраў, якія альбо зьніклі, альбо былі пасаджаныя за краты, альбо памерлі пры загадкавых абставінах. Іх ўражлівая гісторыя яскрава ілюструе чалавечыя лёсы пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, у якім правы чалавека, дэмакратыя і законнасьць парушаюцца беспакарана.

Гэтыя сьмелыя жанчыны — Людміла Карпенка, Ірына Красоўская, Тацьцяна Клімава, і Сьвятлана Завадзкая — выказалі занепакоенасьць лёсам іх мужоў як праявай клімату страху ў Беларусі.

На пачатку месяцу я ўзначальваў дэлегацыю на Парляманцкай Асамблеі ОБСЕ, пад час якой спаткаўся з адным з лідэраў беларускай дэмакратычнай апазыцыі Анатолем Лябедзька.

У Беларусі хутка набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары — яны адбудуцца 9 верасьня. На жаль, беларускія ўлады ўсё яшчэ не зрабілі сур’ёзных захадаў, каб адпавядаць крытэрыям, сфармуляваным яшчэ год таму Арганізацыяй Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, ў якую ўваходзіць і Беларусь.

Гэтыя крытэрыі ўключаюць ліквідацыю клімату страху, роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, паважлівыя адносіны да прынцыпу свабоды слова, а таксама празрыстасьць і справядлівасьць у рэгістрацыі кандыдатаў і дзейнасьці выбарчых камісіяў.

Гэльсынская камісія, якую я ўзначальваю, атрымлівае трывожныя паведамленьні пра падзеі ў Беларусі. Сапраўды, перспэктывы вольных і справядлівых выбараў застаюцца цьмянымі. Несбалянсаваны склад рэгіянальных выбарчых камісіяў стаўся вынікам адхіленьня ўладамі ўсіх — больш як васьмісот кандадатаў — прапанаваных беларускімі дэмакратычнымі партыямі і няўрадавымі арганізацыямі.

Беларускія ўлады павінныя гарантаваць шчырасьць выбарчых камісыяў, гарантаваць прадстаўніцтва ў іх дэмакратычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, і выправіць іншыя парушэньні выбарчага заканадаўства.

Дзярждэпартамэнт настойвае, каб беларускія ўлады правялі вартае даверу расьследваньне зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, намесьніка Старшыні Вярхоўнага Савету 13-ага скліканьня Віктара Ганчара і ягонага паплечніка Анатоля Красоўскага, а таксама апэратара Расейскай тэлекампаніі Зьміцера Завадзкага.

Улады павінныя неадкладна вызваліць з-за кратаў палітычных вязьняў — дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэя Клімава і Валерыя Шчукіна. Такое расьследваньне, як і вызваленьне палітычных взьняволеных, будзе істотным фактарам аслабленьня клімату недаверу.

Нарэшце, беларускія ўлады павінныя працаваць з АБСЭ — каб забясьпечыць дзейнасьць міжнародных і беларускіх назіральнікаў і гарантаваць, што ўсе кандыдаты здолеюць арганізаваць вольна, без перасьледу, сваю кампанію.

Пакуль гэта яшчэ не зусім позна, беларускія ўлады павнныя зрабіць неабходныя крокі, каб стварыць атмасфэру, якая б спрыяла выбарам, у адпаведнасьці з міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі.

Свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары — неабходны крок для Беларусі, калі яна імкнецца наперад і хоча ліквідаць самаізаляцыю. Паколькі на гэтым тыдні прэзыдэнт Буш абвясьціў тыдзень паняволеных народаў, Амэрыка павінна падтрымліваць тых, хто жыве пад аўтарытарызмам

Народ Беларусі мае такую падтрымку, паколькі імкнецца пераадолець спадчыну мінулага і будаваць незалежную дзяржаву, заснаваную на правах чалавека і законнасьці».

Сяргей Навумчык
«Радыё Свабода»