Жонкi Карпенкi i Красоўскага наведалi Берасьце

14.08.2001

Людмiла Карпенка, жонка памерлага вiцэ-сьпiкера Вярхоўнага Савету Беларусi Генадзя Карпенкi, i Iрына Красоўская, чый муж — бiзнэсовец Анатоль Красоўскi — зьнiк амаль два гады таму, паведамiлi сёньня, што ўлады ня толькi не жадаюць займацца аб'ектыўным расьсьледаваньнем прычынаў сьмерцi альбо зьнiкненьня вядомых у краiне людзей, але й cпрабуюць запалохаць iхных сваякоў.

Цягам сёньняшняга дня Людмiла Карпенка i Iрына Красоўская сустракалiся з грамадзкасьцю Слонiму й Пружанаў. Прычым у Слонiме, па словах спадарынi Карпенкi, супрацоўнiкi мясцовай мiлiцыi добра ведалi пра гэты вiзыт i пасьпелi да пачатку сустрэчы наведаць памяшканьне, дзе яна павiнна была адбыцца.

Людмiла Карпенка лiчыць, што такiм чынам цяперашнiя ўлады аказваюць псыхалягiчны цiск на родных тых людзей, хто зьнiк альбо памёр пры загадкавых абставiнах. Жонак гэтых людзей зараз папярэджваюць аб тым, што iм варта было б адмовiцца ад паездак у беларускiя рэгiёны. Спадарыня Карпенка так адказала на пытаньне, чаму гэтым паездкам па Беларусi папярэднiчалi вiзыты ў замежныя краiны.

(Карпенка: ) «Мы езьдзiлi спачатку ў Маскву, а потым у Парыж i Вашынгтон не таму, што нам хацелася туды паехаць. А таму, што мы разумелi, што калi мы прыедзем да вас, дык нас адсюль проста ня выпусьцяць».

Гэтую заяву Людмiла Карпенка зрабiла на апошняй з заплянаваных на сёньня сустрэчаў, якая адбылася ў берасьцейскiм Цэнтры падтрымкi грамадзянскiх iнiцыятываў «Вежа». Спадарыня Карпенка паведамiла, што цяпер у яе адзiная мэта ў жыцьцi — даведацца, хто выканаў загад аб забойстве Генадзя Карпенкi, бо iмя таго, хто замовiў гэтае забойства, ёй вядомае.

Iрына Красоўская ўпэўненая, што напярэдаднi прэзыдэнцкiх выбараў цяперашнiя ўлады павiнны адказаць на два галоўныя пытаньнi: чаму беларускi народ апынуўся ў галечы i хто павiнен адказаць за зьнiкненьне ня толькi вядомых палiтыкаў, але й простых грамадзянаў. Спадарыня Красоўская адзначыла, што зараз у яе няма спадзяваньняў на тое, што ўлады здолеюць адказаць на гэтыя пытаньнi.

Абедзьве жанчыны ўпэўненыя, што ўсю праўду пра тое, што здарылася зь iхнымi мужамi, яны могуць даведацца толькi тады, калi на Беларусi будзе абраны iншы кiраўнiк дзяржавы. Людмiла Карпенка і Iрына Красоўская заклiкалi прысутных пазбавiцца страху i зрабiць сьвядомы выбар на карысьць дэмакратычнай будучынi Беларусi.

Алег Супрунюк
«Радыё Свабода»