Пры БХК ствараецца Фонд дапамогі ахвярам рэпрэсіяў з боку рэжыму — «Разам!»

28.02.2005

Фонд «Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне імя Генадзя Карпенкі» вымушаны быў правесьці ў нядзелю 27 лютага пазачарговую канфэрэнцыю. Гэта зроблена па патрабаваньню Міністэрства юстыцыі. Пасьля фонд імя вядомага беларускага палітыка мусіць прайсьці працэдуру перарэгістрацыі ва ўзгаданым Міністэрстве. У зьвязку з гэтым сябры фонду занепакоеныя, як паглядзяць на іх дзейнасьць дзяржаўныя юрысты.


Чым жа апошнім часам займаецца фонд імя Генадзя Карпенкі? Як вядома, удава Генадзя Карпенкі Людміла разам з сынам і дачкой вымушаныя былі эміграваць у Нямеччыну. Але гэта не спыніла працу грамадзкай арганізацыі. У Беларусі засталіся многія людзі, якія тут актыўна дапамагаюць спадарыні Карпенцы.

Адзін зь іх — Віктар Алампіеў, які, як і Генадзь Карпенка, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Найбольш важнай справай апошняга часу Віктар Алампіеў лічыць стварэньне пры фондзе Офіса грамадзкага абвінаваўцы. Цяпер робяцца спробы расьсьледваць таямніцу зьнікненьня вядомых у Беларусі людзей, прааналізаваць хранічныя парушэньні выбарчага заканадаўства, даць прававую ацэнку падзеяў, зьвязаных з канстытуцыйным пераваротам у лістападзе 1996 году.

(Алампіеў: ) «У офісе цяпер рыхтуюць адпаведныя матэрыялы. Хачу ўзгадаць, што менавіта Людміла Карпенка зьвярталася да ўладаў Грэцыі з просьбаю забараніць уезд у гэтую краіну на Алімпійскія гульні міністру спорту і турызму Юрыю Сівакову, які мог мець дачыненьне да зьнікненьня вядомых у нашай краіне людзей. Яна накіравала папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку пра незаконнасьць адбытага летась рэфэрэндуму. Яна пералічыла артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія былі пры гэтым парушаныя. Яе папярэджаньне практычна праз месяц было пацьверджана міжнароднымі юрыстамі з Вэнэцыянскай камісіі».

Дарэчы, на мінулым тыдні Вярхоўны суд ліквідаваў жаночае грамадзкае аб’яднаньне «Адраджэньне Айчыны», якім кіравала Зінаіда Ганцук. Цікава, ці ўтвараюцца на такім тле ў Беларусі нейкія новыя дэмакратычныя грамадзкія арганізацыі?

Такія спробы ёсьць: напрыклад, ствараецца Фонд дапамогі ахвярам рэпрэсіяў з боку рэжыму. Ён носіць назоў «Разам!» Але паколькі ягоным арганізатарам вядомыя складанасьці з рэгістрацыяй, дык ён будзе дзейнічаць пры Беларускім Хэльсынскім камітэце, што дазваляе статут БХК. Адметная рыса новага Фонду ў тым, што ён будзе абараняць ня знаных асобаў, чые імёны добра вядомыя ў палітыцы і за лёсам якіх уважліва сочыць міжнародная супольнасьць, а тых звычайных людзей, якія не навідавоку.

Старшыня аргкамітэту ў справе стварэньня Фонду вядомы беларускі паэт Уладзімер Някляеў лічыць, што адкрыцьцё такога Фонду дапаможа многім людзям, якія пакуль не адважваюцца адкрыта выступаць супраць існуючага рэжыму, зрабіць такі крок.

(Някляеў: ) «І адзін з момантаў, па якіх рух супраціву гэтаму рэжыму такі, мякка кажучы, ня надта моцны, палягае, па маім перакананьні, у тым, што нармалёвы чалавек, найперш, чым нешта зрабіць, задасца пытаньнем: а што будзе далей? І бачачы, што наўкол адбываецца і падумаўшы пра тое, дзе ён, маючы сям’ю, возьме пасьля кавалак хлеба, каб самому есьці і сям’ю карміць, спыняе вельмі і вельмі многіх. І гэта натуральна. Тут няма чаго зьдзіўляцца і думаць, што магло б быць не так. Не, менавіта так».

Пэўныя спробы стварыць падобную грамадзкую арганізацыю прадпрымаліся і раней. Але з гэтага так нічога й не атрымалася. Многія гавораць, што перашкаджалі гэтай справе асабістыя амбіцыі некаторых палітыкаў. Таму цяпер сярод стваральнікаў — не прафэсійныя палітыкі, а людзі з высокім асабістым даверам грамадзтва, такія як, напрыклад, той жа Ўладзімер Някляеў, Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў... Магчыма, у іх гэта атрымаецца лепш. Тым больш, што Ўладзімер Някляеў разумее, як можна зараз будзе пачуць з яго вуснаў, што замінала справе раней.

(Някляеў: ) «Што зьдзіўляе, што таго фонду, пра які мы цяпер гаворым, фонду дапамогі такім людзям, не існавала да гэтай пары. І не было, з майго пункту гледжаньня, таму, што тыя людзі, якія б маглі гэта зрабіць, ніяк ня здолелі дамовіцца пра тое, хто зь іх будзе галоўным ініцыятарам... Не сышліся ў нейкіх амбіцыйных падыходах да стварэньня гэтага фонду».


Уладзімер Глод
«Радыё Свабода»