|  Пракуратура адмовіла Сьвятлане Завадзкай у завядзеньні 
              крымінальнай справы супраць амонаўца, які яе зьбіў. Намесьнік пракурора 
              Цэнтральнага раёну Менску Аляксей Волкаў сёньня ў інтэрвію радыё 
              Свабода пацьвердзіў, што Сьвятлане Завадзкай адмоўлена ў завядзеньні 
              крымінальнай справы супраць амонаўца, які 7 ліпеня ўдарыў яе ў твар. 
              Пасьля трохтыднёвай праверкі пракуратура прыйшла да высновы, што 
              ў гэтым няма складу злачынства. Рашэньне адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца 
              было прынятае 29 ліпеня, але Сьвятлане Завадзкай пра гэта афіцыйна 
              не паведамілі. Спадарыня Завадзкая зьбіраецца абскардзіць гэтае 
              рашэньне ў вышэйшай інстанцыі.
 Сьвятлана Завадзкая атрымала ад амонаўца ўдар кулаком у твар 7 
              ліпеня, падчас разгону акцыі памяці на Кастрычніцкім пляцы Менску, 
              прысьвечанай пятай гадавіне зьнікненьня яе мужа — апэратара расейскай 
              тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага.  Спадарыня Завадзкая зафіксавала пабоі і падала ў пракуратуру заяву 
              з просьбаю завесьці супраць гэтага міліцыянта крымінальную справу. 
              Пракурорская праверка цягнулася амаль тры тыдні і скончылася адмовай 
              у завядзеньні крымінальнай справы.  Раней прадстаўнікі Менскай гарадзкой управы ўнутраных справаў заяўлялі, 
              што ў інцыдэнце вінаватая сама Сьвятлана Завадзкая, якая, нібыта, 
              справакавала амонаўца на бойку і той мусіў бараніцца. Альгерд Невяроўскі, Менскsvaboda.org
 
 |