Сусветная эліта супраць апошняй таталітарнай дзяржавы ў Эўропе

19.08.2005

Сусветна вядомыя палітыкі, грамадзкія і культурныя дзеячы выступілі с заявай, якая асуджае таталітарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Заяву падпісалі былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, былы прэзыдэнт Нямеччыны Рыхард вон Вайцзакэр, былы прэзыдэнт Ірляндыі, да 2002 году — Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мэры Робінсан, былы прэзыдэнт ПАР Фрэдэрык Вілем дэ Клерк, прынц Іарданіі Эль Гассан бін Талал, які многа гадоў змагаецца за дэмакратызацыю Усходу, былы прэм’ер-міністар Новай Зэляндыі Майк Мур, прэзыдэнт Інстытута «Адкрытае грамадзтва» Джордж Сорас, архіепіскап, Нобэлеўскі лаурэат Дэсмонд Туту — вядомы змагар за свабоду Нэльсана Мандэлы, прэзыдэнт буйнейшага ў Японіі дабрачыннага Фонду Сасакава Ёогэй Сасакава, вядомы французкі філосаф, публіцыст Андрэ Глуксман, вучоны-гісторык, прэзыдэнт «Карпарацыі Карнэгі Нью-Ёрк» Вартан Грэгарыян і іншыя. Сусветная эліта заклікае Эўразвяз спрыяць дэмакратызацыі Беларусі.

Калі сёньняшні час наводзіць на думку, што ўжо няма важных рэчаў, пра якія мы ня ведаем, цэлы шэраг сур’ёзнах фактаў застаецца невядомым ці вядомым толькі вельмі абмежаванаму колу людзей. Адной з такіх інфармацыйных «чорных дзірак» ужо працяглы час з’яўляецца Беларусь, якая ляжыць ля ўсходняе мяжы Эўропы

У гэтай краіне зь дзесяцьцю мільёнамі жыхароў ужо адзінаццаты год уладарыць Аляксандр Лукашэнка, для якога нармальны спосаб кіраваньня краінаю азначае штодзённае шырокае парушэньне асноўных правоў і свабодаў чалавека, ліквідацыю ды зьняволеньне апанентаў і журналістаў ды падман людзей з дапамогаю падуладных яму сродкаў масавае інфармацыі.

Увосень мінулага году ў зфальсіфікаваным рэферэндуме па канстытуцыі ён скасаваў забарону выкананьня прэзідэнцкай функцыі больш за два тэрміны, чым зрабіў першы крок да таго, каб падоўжыць час сваёй улады пасьля 2006 году, калі б ужо мусіў пакінуць пасаду прэзідэнта.

Ад таго часу ўжо шэраг месяцаў, без большае ўвагі медый і палітыкаў дэмакратычных краінаў, сістэматычна ды інтэнсіўна зьнішчаюцца апошнія рэшткі няўрадавых арганізацый, незалежных газэтаў і палітычных партый, якія б маглі стварыць плянам беларускага аўтакрату па падаўжэньню сваёй улады на неабмежаваны тэрмін хоць якую пагрозу. Мацнее інфармацыйная блякада краіны, рыхтуюцца абмежаваньні навучаньня моладзі ў замежжы, апошняя незалежная штодзённая газэта «Народная воля» знаходзіцца перад закрыцьцём. Аляксандр Лукашэнка ўсё гэта можа сабе дазволіць ня толькі дзякуючы злашчаснай постсавецкай спадчыне поўнасьцю разбураных сацыяльных і грамадзкіх структураў, але таксама дзякуючы неінфармаванасьці ды незацікаўленасьці дэмакратычных краінаў лёсам Беларусі.

Мы лічым, што неабходна выкарыстаць кожную магчымасьць для прарыву гэтага муру незацікаўленасьці ды няздольнасьці святовае супольнасьці даць адпор постсавецкаму аўтакрату ды ягоным памкненьням здушэньня рэшткаў незалежных ініцыятываў на Беларусі. Адначасова трэба працягваць навязваньне кантактаў і супрацоўніцтва зь беларускімі незалежнымі ініцыятывамі. Эўрапейскі Зьвяз, які дасюль быў няздольны падтрымаць сілы, што змагаліся за пабудову Беларусі на дэмакратычных каштоўнасьцях, мусіў бы хутка знайсьці такія інструманты, якія б гэта дазволілі. Эўрапейскі Зьвяз таксама мусіць максімальна адкрыць свае праграмы па адукацыі ды абмену для дэмакратычна арыентаванай моладзі зь Беларусі. Эўрапейскі Зьвяз разам з Украінаю мусіць хутка зреагаваць на адозву польскіх эўрапарляментароў Януша Анышкевіча ды Богдана Кліха даць доступ беларускім грамадзянам да нецэнзураваных і незманіпуляваных інфармацый пасярэдніцтвам радыё і тэлевізійнага вяшчаньня з навакольных краінаў. Мы заклікаем да супольнага поступу ЭЗ, ЗША і ўсіх дэмакратычных краінаў, якія б мусілі быць зацікаўлены ў дэмакратызацыі Беларусі.