Сэмінар НАТО ў Вільні — у цэнтры ўвагі Беларусь
26 сентября 2005

На сэмінары па пытаньнях Беларусі ў Вільні, арганізаванага Парлямэнцкай асамблеяй НАТО і Літоўскім Соймам, абмяркоўвалася стратэгія Эўразьвязу ў справе незалежнага вяшчаньня на Беларусь. Адбылася дыскусія адносна формаў падтрымкі незалежных СМІ ў Беларусі Эўразьвязам і мовы магчымага незалежнага вяшчаньня на Беларусь.

Выступоўцы зь Беларусі крытыкавалі стратэгію Эўразьвязу ў справе падтрымкі незалежных СМІ. Дакладчык па пытаньнях Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Азім Малазадэ ў часе дыскусіі адзначыў, што «праблема якаснага незалежнага вяшчаньня — гэта ня столькі праблема мовы, колькі неабходнасьці даць магчымасьць беларусам рабіць гэта самім», бо, да прыкладу «радыёстанцыя «Дойчэ Вэле», хаця і здольная вельмі добра прэзэнтаваць Нямеччыну ў сьвеце, але гэтым не вырашаецца праблема якаснага інфармаваньня жыхароў Беларусі.»

Спэцыяльны дакладчык ААН у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын сказаў, што «людзі бяз нацыянальнай ідэнтычнасьці ня здольныя абараніць дэмакратыю».

Паводле Адрыяна Сэвэрына, «Беларусь сутыкаецца ня толькі з праблемамі дэмакратыі, але з праблемамі ўзмацненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці й нацыянальнай незалежнасьці.»


«Праблема палягае ня толькі ў тым, што Лукашэнка адняў у беларусаў права выбару, але ў тым, што заходні сьвет часткова заплюшчвае вочы і ня вельмі ўсьведамляе, што там адбываецца. Дзеля таго патрэбныя такія дыскусіі.

Я цалкам згодныя з тым, што мы позьнімся, моцна позьнімся. Зашмат сэмінараў, і занадта мала канкрэтных дзеяньняў. Я вельмі хачу, каб гэтай восеньню, гэтай зімою пачаліся канкрэтныя дзеяньні — і найперш магчымасьці для беларусаў атрымоўваць інфармацыю. Не 15-хвілінную перадачу, якая ахопіць 0,5 % жыхароў, але вельмі сур`ёзную інфармацыю, якая будзе супрацьвагай той прапагандысцкай машыне, якая цяпер існуе ў Беларусі», — заявіла ў інтдрв’ю «Радыё Свабода» дэпутатка Літоўскага Сойму Раса Юкнявічэне, якая старшынявала на сэсіі сэмінару.

Раса Юкнявічэне ў літоўскім Сойме ачольвае парлямэнцкую групу «За дэмакратычную Беларусь», яна намесьніца кіраўніка літоўскай дэлегацыі ў ПА НАТО. Паводле Р.Юкнявічэне, сытуацыя з дэмакратыяй у Беларусі, значна горшая, чым у Аўганістане, які яна наведала на мінулым тыдні.

»У Аўганістане я пабачыла, якая вялікая талака міжнароднай супольнасьці працуе дзеля таго, каб людзі там маглі свабодна абіраць, — гэтае магчымасьці пазбаўленыя людзі ў Беларусі. Хай сабе нават яны абяруць тых самых людзей, якія і цяпер пры ўладзе — але, калі гэта будзе, па-першае, выбар людзей, якія маюць інфармацыю пра ўсе іншыя магчымыя альтэрнатывы, па-другое, калі гэта будзе такая ж дэмакратычная сыстэма выбараў, якая цяпер ёсьць у тым жа Аўганістане, — без парушэньняў, без фальсыфікацыяў. У гэтым сэнсе ва Аўганістане лепшая сытуацыя, чым у Беларусі», — упэўнена дэпутатка.

Беларусь на семінары прадстаўлялі лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, каардынатар руху «Зубр» Уладзімір Кобец, лідары грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем», сябры «Свабоднай Беларусі» Ірына Красоўская і Святлана Завадзкая, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду палітвязням!», сябра «Свабоднай Беларусі» Павал Марыніч і іншыя беларускія палітыкі і грамадкія дзеячы.

Хартия-97