Папраўкі прэзыдэнта ў Крымінальны кодэкс прынятыя Палатай прадстаўнікоў бязь зьменаў

02.12.2005

Ніводнай папраўкі, што прапаноўвалі сёньня дэпутаты Віктар Кучынскі і Вольга Абрамава, падчас разгляду ў другім чытаньні прэзыдэнцкага законапраекту іх калегі не падтрымалі. Супраць уключэньня ў Крымінальны кодэкс дадатковага артыкулу аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь выказаліся толькі чатыры дэпутаты. Пры галасаваньні за ўвесь законапраект прагаласавалі 97 дэпутатаў, і толькі чацьвёра выказаліся супраць.


Усяго адна гадзіна спатрэбілася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2 сьнежня, каб прыняць у другім чытаньні прэзыдэнцкія папраўкі. Марна Віктар Кучынскі заклікаў сваіх калегаў да пільнасьці і ўважлівасьці:

(Кучынскі: ) «Законы, якія мы прымаем, тычацца ўсяго нашага грамадзтва. А вы хочаце ўсё так просьценька прымаць?!»

Першапачаткова пяцёра дэпутатаў (Абрамава, Герасімаў, Кучынскі, Жукоўская ды Сафроненка) ўнесьлі свае заўвагі да прэзыдэнцкіх прапановаў. Але на іх разглядзе ў Авальнай залі настойвалі толькі Абрамава ды Кучынскі. Спадарыня Абрамава спачатку дапытвалася, якая ёсьць неабходнасьць з палітычнага пункту гледжаньня зьмяняць заканадаўства, калі, паводле падлікаў дэпутаткі, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі цяпер вельмі высокі? Адказаў ёй намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі па нацыянальнай бяспэцы Юры Андрэеў:

(Андрэеў: ) «Ёсьць нэгатыўны досьвед як у Грузіі, ва Ўкраіне, так і ў Кіргізстане. Там, у Кіргізстане, рэйтынг прэзыдэнта таксама быў вельмі высокі. Але ж падзеі адбыліся, і яны ў большай ступені былі скіраваныя на зьмяненьне існага ладу. Таму прапановы нашага прэзыдэнта вось такія».

А кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў адразу ж дадаў:

(Канаплёў: ) «Гэтыя пытаньні вельмі сур’ёзныя. Мы іх праходзілі не адзін раз — і ў 1994, і ў 1996, і ў 2001 гадах. Дый у розны іншы час. Таму спрачацца тут проста не патрэбна».

Такім чынам, дэпутаты пагадзіліся з тым, што Крымінальны кодэкс дапаўняецца новым артыкулам «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі». Пад дыскрэдытацыяй маецца на ўвазе «прадастаўленьне замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама непраўдзівых зьвестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, вайсковым ці міжнародным стане Рэспублікі Беларусі, прававым стане грамадзянаў Рэспублікі Беларусі ці яе органаў улады». Падобныя дзеяньні будуцць карацца арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Дэпутат Сяргей Гайдукевіч ад мікрафона гаварыў пра супярэчлівасьць некаторых новых нормаў:

(Гайдукевіч: ) «Глядзіце, што напісана ў першым пункце: «Арганізацыя, кіраваньне палітычнымі партыямі і г.д. перашкаджае выкананьню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадзкіх, сямейных абавязкаў...» Я праводжу партыйны сход, і хтосьці зь яго ўдзельнікаў спазьніўся дахаты. Дык што, яго чакае крымінальная адказнасьць за невыкананьне сямейных абавязкаў?!»

У Крымінальным кодэксе таксама ўведзеная адказнасьць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі ці фонду, а таксама за падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках ці фінансаваньне падобных дзеяньняў. Заклікі, зьвернутыя да замежных дзяржаваў, замежнай ці міжнароднай арганізацыі, да дзеяньняў на шкоду зьнешняй бяспэцы Беларусі, яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці і распаўсюджваньне матэрыялаў, што ўтрымліваюць такія заклікі, караюцца арыштам на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Ёсьць і іншыя папраўкі.

Законапраект паступіў у Палату прадстаўнікоў 23 лістапада ад імя прэзыдэнта з пазнакай «тэрміновы». 25 лістапада дакумэнт прынялі ў першым чытаньні. Каб гэты законапраект стаў законам, ён павінен быць яшчэ ўхвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны кіраўніком дзяржавы.

Уладзімер Глод
«Радыё Свабода»