У Стакгольме ўручылі прэмію «За правільнае выжываньне»
7 декабря 2005

Сёньня ў Стакгольме ў часе цырымоніі ўручэньня прэстыжнай ўзнагароды «За правільнае выжываньне» (The Right Livelihood Award), больш вядомай як «Альтэрнатыўная нобэлеўская ўзнагарода», у якой бралі ўдзел сотні вядомых грамадзкіх дзеячаў, палітыкаў з усяго сьвету, амаль паўгадзіны часу было прысьвечана Беларусі.


Альтэрнатыўную нобэлеўскую ўзнагароду даюць «За дзейнасьць на карысьць плянэты і чалавецтва», тым, хто «карыстаецца прынцыпам, што кожны чалавек павінен рабіць сваю справу цалкам паважаючы іншых людзей і навакольнае асяродзьдзе».

Сёлета прэмія — яе памер — 230 тысячаў амэрыканскіх даляраў — прысуджалася 25-ы раз, а яе ляўрэатамі сталі пяцёра праваабаронцаў і эколягаў з Канады, Мэксыкі, Малайзіі і Батсваны.

У часе ўрачыстай цырымоніі ў парлямэнце Швэцыі перад прысутнымі выступіла вядомая швэдзкая журналістка і фатограф Марыя Содэрбэрг, якая расказала прысутным пра гісторыю Беларусі, але таксама і пра цяперашнюю сытуацыю ў краіне, адначасова прэзэнтуючы дзесяткі фотаздымкаў зь Беларусі.

(Содэрбэрг: ) «Таксама як мы, скандынавы, беларусы любяць прыроду. Беларусь — гэта як скарбонка, якую Эўропа, сьвет, павінны адчыніць. На жаль, нягледзячы на тое, што гэтая краіна знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, замежнікам ня так проста туды прыехаць. Скажу больш — цяпер мы рызыкуем ніколі не пабачыць гэтую краіну на ўласныя вочы. Беларусь хутка ідзе да таго, чым быў Савецкі Саюз у 1970-я гады».

У часе прамовы, спадарыня Содэрбэрг закранула, сярод іншага, тэму Курапатаў, палітзьняволеных, зьніклых палітыкаў, перасьледу незалежных мэдыяў і апазыцыі, а таксама выключэньня студэнтаў з ВНУ за грамадзкую актыўнасьць.

(Содэрбэрг: ) «Каб выжыць, у Беларусі трэба вельмі ўважліва сачыць за тым, што робіш. Кожны дзень. Каб, прыкладам, крый божа, не пасварыцца з усемагутнай мясцовай адміністрацыяй, якая нават не выбіраецца народам, а прызначаецца зь Менску».
Марыя Содэрбэрг сказала беларускай «Свабодзе», што рэакцыя на яе выступ была пазытыўнай — шмат хто з прысутных зьвяртаўся з дадатковымі пытаньнямі ў часе перапынкаў.

Чаму арганізатары вырашылі прысьвяціць столькі часу размове пра сытуацыю ў Беларусі — раней гэта ніколі не рабілася? Гаворыць адзін з арганізатараў цырымоніі, дэпутат швэдзкага парлямэнту Окі Пэтэрсан.

(Пэтэрсан: ) «Такія прамовы вельмі важныя, бо Беларусь дагэтуль застаецца чорнай плямай на мапе Эўропы, дзе парушаюцца асноўныя правы чалавека. Пра гэта трэба размаўляць, каб у сьвеце ведалі, што трэба дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці. Тым больш, што ў наступным годзе ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары».


Аляксей Дзікавіцкі
Радыё «Свабода»