Беларускія праваабаронцы правялі акцыю ў Дзень правоў чалавека

12.12.2005

10 сьнежня — Міжнародны дзень правоў чалавека. Пачатак яго быў закладзены ў 1948 годзе, калі Генэральная асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека і вызначыла гэты дзень як Міжнародны дзень правоў чалавека. Праваабаронцы па ўсім сьвеце разам з палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі ладзяць разнастайныя акцыі — маніфэстацыі, пікеты, канфэрэнцыі, прымаюць заявы і заклікі ў абарону людзей, чые правы парушаюцца. У Мінску на прасьпекце Незалежнасьці каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў вядомыя беларускія праваабаронцы раздавалі мінакам надрукаваную справаздачу спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі Камітэту ў справе правоў чалавека ААН Адрыяна Севярына на беларускай мове.

Нагадаем, што беларускія ўлады адмівілі спадару Севярыну ва ўездзе на Беларусь пад час падрыхтоўкі ім гэтай справаздачы. Адзін з асобнікаў справаздачы быў перададзены праз дзяжурнага супрацоўніка МУС міністру Уладзіміру Навумаву.

Усяго праваабаронцы раздалі каля 1400 асобнікаў гэтай брашуры, каб людзі змаглі азнаёміцца з праблемай правоў чалавека на Беларусі і яе аналізам еўрапейскімі структурамі.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў назіралі за акцыяй, але перашкодаў не чынілі.

У гэты ж дзень Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў выступіў з заявай, у якой Беларусь названая адной з краін, дзе перасьледуюцца змагары за правы чалавека. Раней на гэтым тыдні і група нобэлеўскіх ляўрэатаў зьвярнула ўвагу на парушэньні правоў працоўных у Беларусі.