У Познані баранілі права беларусаў
12 декабря 2005

10 сьнежня ў чарговую гадавіну прыняцьця Дэклярацыі Правоў Чалавека ў 1948 годзе, «Млодзі Дэмакраці» і Беларускі Культурна-Асьветніцкі Цэнтар зладзілі маніфэстацыю ў цэнтры польскага горада Познань. Сябры гэтых арганізацый прыгадалі мінакам, што тыя карыстаюцца правамі, якіх бракуе ў Беларусі. Арганізатары, ў рупар, напераменна па-польску і па-беларуску, зачыталі ўсе артыкулы Дэклярацыі і заахвочвалі да таго ж астатніх. Пад транспарантамі «Права да сходаў», «Права да свабоды мысьлі», «Памятайце аб сваіх правах» былі таксама выстаўленыя чорна-белыя здымкі зьніклых апанэнтаў улады.

Перад кожным здымкам, фармуючы бел-чырвона-белы сьцяг, стаялі тры запаленыя зьнічы. Акцыя доўжылася гадзіну і была актыўна падтрыманая найбуйнешымі, агульнапольскімі і лякальнымі СМІ. У гэты час было распаўсюджана больш шасьцісот улётак з інфармацыяй пра рэпрэсіўную палітыку дыктатарскай улады. Пасьля заканчэньня маніфэстацыі арганізатары пераслалі на адрас Лукашэнкі Дэклярацыю Павоў Чалавека ў перакладзе на беларускую мову. Ліст гэты ня мае на мэце зьмяніць Лукашэнку, каб той пачаў раптам паважаць правы чалавека, а мае прыгадаць, што мы пра гэтыя правы памятаем і будзем іх адстойваць.