| «Джынсавая рэвалюцыя» — гэта загаловак артыкулу, 
              зьмешчанага на старонках польскага цэнтрысцкага выданьня «Gazeta 
              Wyborcza». З публікацыяй знаёміць Радыё Палёнія.  «Беларусы патрабуюць нашай падтрымкі, так як год таму яе патрабавалі 
              ўкраінцы. Зь Беларусяй будзе больш цяжка, але дамо рады», — пераконваюць 
              маладыя людзі. Варшаўскія беларусы і ўкраінцы ўпершыню разам арганізоўваюць 
              супольную дэманстрацыю.  Ніхто не павінен зьдзіўляцца, калі сёньня атрымае SMS-паведамленьне 
              наступнага зьместу: «У пятніцу, 16 сьнежня, ва ўсёй Польшчы й Эўропе 
              будзем дэманстраваць сваю салідарнасьць зь Беларусяй. Прыйдзі а 
              18.00 пад будынак Бэльвэдэру. Перадай згаданую інфармацыю іншым». 
             Калі нехта не атрымае згаданага SMS-паведамленьня, хай перапіша 
              яго з газэты й адправіць сваім сябрам. Такім чынам ён возьме ўдзел 
              у вялікай акцыі падтрымкі беларускай апазыцыі.  16-ы дзень месяца — гэта ў Беларусі асаблівы дзень — 16 сьнежня 
              1999 году ў нявысьветленых умовах зьнік былы старшыня Цэнтральнай 
              выбарчай камісіі Віктар Ганчар і бізнэсмэн Анатоль Красоўскі. Кожны 
              год у гэты дзень праходзілі дэманстрацыі пад назовам «Мы памятаем». 
              Апошнім разам у Менску міліцыя жорстка разагнала некалькі дзесяткаў 
              дэманстрантаў і адабрала ў іх забароненыя бел-чырвона-белыя сьцягі. 
              Менавіта тады адзін з апазыцыянэраў узьняў замест сцяга сваю джынсавую 
              куртку.  «Шмат маладых людзей, якія хочуць прадэманстраваць свой пратэст 
              у дачыненьні да рэжыму, апранае нешта джынсавае. Апрача таго, з 
              16-га кастрычніка кожны месяц а 20.00 гадзіне людзі ў Беларусі выключаюць 
              сьвятло й ставяць на падаконьніках сьвечкі. У гэты час па ўсім сьвеце 
              мы арганізоўваем дэманстрацыі падтрымкі,» — расказвае Антось Цялежнікаў 
              — студэнт зь Беларусі, які вучыцца ў Польшчы.  У лістападзе пад будынак Сэйму прыйшло толькі некалькі дзясяткаў 
              асобаў. Гэта, паводле Яцка Кастэлянца, які дапамагаў арганізаваць 
              акцыі ў падтрымку «аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне, сапраўды мала. 
              У лістападзе ён разам з калегамі ўдзельнічаў у мерапрыемстве з нагоды 
              адзначэньня 15-годзьдзя існаваньня нелегальнага Беларускага ліцэя. 
              Тады яны вырашылі дапамагчы беларусам і кожны 16-ы дзень месяца 
              праводзіць маніфэстацыі. Ці доўга гэта будзе працягвацца?  Учора Кастэлянец прасядзеў увесь дзень, тэлефануючы СМІ. Іншыя 
              займаліся расклейваньнем плякатаў у горадзе. У акцыю ўключыліся 
              таксама ўкраінцы, якія жывуць у Варшаве.  «Мы прыходзілі на дэманстрацыі ў падтрымку «аранжавай рэвалюцыі», 
              цяпер украінцы прыйдуць на нашую «джынсавую» рэвалюцыю. У нас рэжым 
              больш жорсткі, чым быў ва Ўкраіне. Беларусы павінны ведаць, што 
              яны не адні. Трэба прыйсьці ў пятніцу і ўзяць з сабою сьвечкі,» 
              — запрашае Антось Цялежнікаў у размове з журналістам цэнтрысцкага 
              выданьня «Gazeta Wyborcza» .  У сваю чаргу прэстыжнае польскае выданьне «Rzeczpospolita» дадае, 
              што падчас дэманстрацыі яе ўдзельнікі намерваюцца перадаць прадстаўніком 
              Сэйму пэтыцыю, якая заклікае польскія ўлады да большага заангажаваньня 
              ў абарону свабоды слова й дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі. 
             «Ля Бэльвэдэру дэманстранты пройдуць да Амбасады Рэспублікі Беларусь 
              і перададуць зьмест пэтыцыі амбасадару. А 19-й гадзіне, як і ў Беларусі, 
              мы запалім сьвечкі салідарнасьці. Пазьней адбудзецца «ўкраінская 
              частка», прысьвечаная гадавіне «аранжавай рэвалюцыі», — паясьніла 
              Катажына Чапутовіч, суарганізатарка акцыі.  Пасьля заканчэньня дэманстрацыі ў студэнцкім «Клюбе Мэдыка» адбудзецца 
              бясплатны канцэрт гурту «Сцяна» — інфармуе прэстыжнае выданьне «Rzeczpospolita». Хартия-97
 |