Ляўрэат прэміі імя Юрыя Захаранкі — праваабаронца Гары Паганяйла

22.02.2006

У Менску адбылося ўручэньне штогадовай прэміі імя Юрыя Захаранкі «З адкрытым забралам». Сёлета яе ляўрэатам стаў вядомы праваабаронца Гары Паганяйла. Нагадаем, прэмія заснавана нефармальным рухам «Абаронцы Айчыны». Уручыў яе Алег Волчак — лідэр руху, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Першым ляўрэтам гэтай прэміі ў мінулым годзе стаў генэрал Валеры Фралоў.

Падчас імпрэзы прэзэнтавалася таксама кніга «Хроніка дзяржаўнай подласьці», у якой сабраны матэрыялы грамадзкай камісіі ў справе расьсьледаваньня абставінаў зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Да цырымоніі ўручэньня прэміі праявіла цікавасьць група невядомых у штацкім разам з прадстаўніком Ленінскага райаддзела міліцыі. Невядомыя спрабавалі весьці відэаздымкі мерапрыемства, якое праходзіла ў адной зь менскіх кавярняў. Алег Волчак паведаміў, што гэта ўжо ня першы выпадак такога сачэньня з боку невядомых.


Радыё Свабода