Беларусы Бэльгіі перадалі пэтыцыю ў беларускую амбасаду

03.03.2006

Сёньня беларусы Бэльгіі перадалі пэтыцыю ў пасольства Беларусі ў гэтай краіне. У дакумэнце выказваецца рашучы пратэст супраць зьбіцьця апазыцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. Пэтыцыю прыйшлося перадаваць пры дапамозе бэльгійскіх паліцыянтаў.

Беларусы прыехалі ў Брусэль з Антвэрпэну адмыслова, каб перадаць свой зварот у пасольства. Супрацоўнікі беларускай амбасады, аднак, адмовіліся выйсьці да іх, каб узяць дакумэнт.

Пасьля прыкладна гадзіннага пікетаваньня будынку амбасады, дапамагчы беларусам узяліся бэльгійскія паліцэйскія, якія ўзялі пэтыцыю і занесьлі яе ў амбасаду. Паводле словаў старшыні Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня Зьмітра Піменава, раней у такіх сытуацыях атрымлівалася абыходзіцца без пасярэдніцтва паліцыі.

(Піменаў: ) «Мы разумеем, што сапраўды там сталі баяцца. Раней нехта выходзіў, на відэа здымалі, фатаграфіі рабілі, а цяпер ніхто праз цэнтральны ўваход нават не выходзіў — толькі праз другі хадзілі. Выйшлі нейкія людзі — беларусы, яны сказалі, што пагаджаюцца з намі, падтрымліваюць нашу пэтыцыю, але прасілі не рабіць здымкі, бо, кажуць «будуць у нас непрыемнасьці з-за гэтага».

У пэтыцыі, якая ўсё ж трапіла ў амбасаду, беларусы Бэльгіі патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі і пакараць вінаватых у тым, што здарылася ўчора з Аляксандрам Казуліным, а таксама тых, хто мае дачыненьне да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў. У пэтыцыі гаворыцца што перадусім да адказнасьці павінен быць прыцягнуты Зьміцер Паўлічэнка.

(Піменаў: ) «Мы сваёй пэтыцыяй хацелі зьвярнуць увагу на тое, што чалавек, які зьбіў Казуліна, зьвязаны са зьнікненьнямі апазыцыйных палітыкаў і журналістаў. Патрабуем, каб яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за ўсё гэта».

У дзень выбараў — 19 сакавіка беларусы Бэльгіі маюць наладзіць вялікі пікет каля беларускай амбасады ў Брусэлі.

 

Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода