Актывістам «Партнэрства» выставілі сакрэтнае абвінавачаньне

03.03.2006

Менская пракуратура зачытала афіцыйнае абвінавачаньне арыштаваным сябрам незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства» Цімафею Дранчуку, Міколу Астрэйку, Эніры Браніцкай і Аляксандру Шалайку. Працэдура адбывалася ў сакрэтнай абстаноўцы.

З адвакатаў узялі падпіску аб неразгалошваньні ня толькі акалічнасьцяў справы, але забаранілі нават паведаміць журналістам паводле якога артыкулу Крымінальнага кодэксу абвінавачваюць актывістаў арганізацыі.

22 лютага сяброў «Партнэрства» затрымалі з падазрэньня ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў. Супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрусы ў кватэрах актывістаў і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Пазьней кіраўнік КДБ назваў іх каардынатарамі правакацыяў, якія нібыта зьбіраліся рабіць апазыцыянэры ў часе правядзеньня вулічных акцый 19 сакавіка.