Аўтастоп «да апошняй дыктатуры» прыехаў у Варшаву

13.03.2006

Сёньня ўдзельнікі міжнароднай акцыі «Ці магу я атрымаць права?» (Can I get a right?), якія пратэстуюць супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, прыехалі ў Варшаву. Акцыю, у якой ўзялі ўдзел палякі, немцы, галяндцы ды іншыя, наладзіла праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя».

6 сакавіка з Амстэрдаму «да мяжы апошняй дыктатуры ў Эўропе» аўтастопам выехалі каля трох дзесяткаў студэнтаў з групаў падтрымкі «Міжнароднай амністыі», якія па дарозе ладзілі інфармацыйныя акцыі – у Галяндыі, Нямеччыне — прысьвечаныя парушэньням правоў чалавека ў Беларусі.

Студэнты зь некалькіх эўрапейскіх краінаў маюць намер 16 сакавіка — за тры дні да выбараў — прыехаць на польска-беларускую мяжу, каб выказаць сваю салідарнасьць перадусім зь беларускай моладзьдзю.

Сёньня актывісты «Міжнароднай амністыі» былі ў Варшаве. У цэнтры гораду яны ўсталявалі вялікія партрэты зьніклых беларускіх палітыкаў. Гаворыць Валт Олбэрс з Галяндыі:

(Олбэрс: ) «Мы арганізавалі гэтую акцыю, у часе якой маем намер даехаць да мяжы зь Беларусьсю, каб паказаць, што паўсюль у Эўропе, вось як тут у Варшаве, мы можам свабодна пратэставаць супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а ў самой Беларусі гэта ўжо было б немагчыма. Сотні людзей прыходзілі на сустрэчы з намі ў Нямеччыне і Галяндыі».

Матэуш Зэглінські з Польшчы:

(Зэглінські: ) «У цяперашняй палітычнай сытуацыі шмат хто забыўся на тое, што Беларусь гэта адзіная краіна ў Эўропе, дзе дагэтуль выконваюцца прысуды аб сьмяротным пакараньні. Гэта адна з найважнейшых праблемаў, якая непакоіць «Міжнародную амністыю», але ня менш важна і тое, што ў Беларусі няма свабоды выбару. Мы не падтрымліваем нейкую партыю ці кандыдата, для нас важна, каб не парушаліся правы чалавека, так як гэта робіцца цяпер у Беларусі».

Па дарозе да беларуска-польскай мяжы, удзельнікі акцыі прапаноўваюць жыхарам розных краінаў запоўніць уласныя «бюлетэні для галасаваньня», дзе галоўныя пытаньні — ці можна ў Беларусі свабодна выказваць уласныя меркаваньні, ці ёсьць свабода сходаў, выезду за мяжу і гэтак далей.

Вынікі гэтага міжнароднага галасаваньня будуць прадстаўленыя ў Беластоку праз тры дні.