Дэпутатам Эўрапарлямэнту не далі візаў

13.03.2006

Беларускія ўлады адмовіліся выдаць беларускія ўязныя візы ўсім сямі дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту, якія мелі намер паехаць у Беларусь на прэзыдэнцкія выбары ў якасьці назіральнікаў.

Афіцыйны Менск патлумачыў адмовы тым, што дэпутаты ад Эўрапарлямэнту ня могуць назіраць за выбарамі, бо Эўрапарлямэнт не прызнае цяперашні беларускі парлямэнт легітымным — адпаведны ліст у гэтай справе падпісаў намесьнік мінсітар замежных справаў Беларусі Герасіменка.

Гэтую інфармацыю нашаму радыё пацьвердзіў дэлегацыі Богдан Кліх.

(Кліх: ) «У лісьце з адмовай ёсьць такое папярэджаньне, я б нават сказаў пагроза, што калі мы паспрабуем перасекчы мяжу «у іншы спосаб», гэта будзе лічыцца правакацыяй. Прызнаюся, што з намі гуляліся ў дзіўную гульню. У сярэдзіне мінулага тыдня паступіла неафіцыйная інфармацыя, што візы не атрымаюць два дэпутаты ад Польшчы і адзін ад Літвы, а іншыя атрымаюць. Потым ізноў неафіцыйна нам стала вядома, што ўсе атрымаюць. Яны папросту правяралі, як мы будзем рэагаваць. Ну а тое, што мы ўрэшце не атрымалі візы сьведчыць аб тым, што беларускія ўлады вельмі баяцца,каб інфармацыя пра хаду выбарчай кампаніі ў Беларусі, якую нельга назваць дэмакратычнай, стала вядомая ўсяму сьвету. Такімі, хутчэй за ўсё, будуць і самі выбары. Мы былі б там прадстаўнікамі вольнага сьвету. Гэта ўладам непатрэбна, яны ня хочуць, каб міжнародная супольнасьць ведала праўду».

Заўтра ўвечары ў Страсбуры адбудзецца сустрэча дэпутатаў, якія абмяркуюць сытуацыю і вырашаць, што рабіць далей.


Радыё Свабода