У Вільні створаны Фонд дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі

30.03.2006

У ліку ініцыятараў і заснавальнікаў — і людзі сталага веку, былыя гімназісты Віленскай беларускай гімназіі — Галіна Войцік, Яраслаў Станкевіч, Міраслава Русак, і беларускія грамадзкія дзеячы з розных арганізацыяў, студэнты. На рахунак ад першага дня рэгістрацыі пачалі прыходзіць ахвяраваньні.

Рахунак фонду адкрыты грамадзкай арганізацыяй «Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча». Галоўная ініцыятарка і заснавальніца фонду Людзьвіка Вітушкава распавяла нашаму радыё, што гэта будзе і матар'яльная дапамога, і маральная падтрымка, якая аб'яднае і ўзмоцніць беларусаў.

(Вітушкава: ) «У Беларусі ўзаемная дапамога вельмі разьвітая. Заўсёды, калі нешта здараецца у блізкага ці роднага чалавека, яму дапамагаюць. Мы зрабіліся цяпер адзінай сям'ёй, мы разам. Зьняволеных у Беларусі ужо звыш тысячы.

Я вельмі спадзяюся на дапамогу, на тое, што да нашай ініцыятывы паставяцца з разуменьнем. Я вось мяркую па калегах на маёй працы. Кожную раніцу яны пытаюцца: ну, што там у Беларусі? На сёньняшні дзень найбольш важная праблема — падтрымка тых, хто пацярпелі ад рэпрэсіяў, арыштаў і іх сем'яў.»

Фонд створаны, паводле заснавальнікаў, дзеля таго, каб даць магчымасьць большай колькасьці людзей далучыцца да дапамогі. Пасьля зьбіцьця мірных дэмантрантаў і арыштаў у Менску людзі, якія раней не цікавіліся палітыкай і грамадзкай дзейнасьцю, шукаюць магчымасьць дапамагчы тым, хто пацярпеў за праўду, і такіх людзей усё больш.

(Вітушкава: ) «Гэтая ідэя зьявілася даўно, і не ў мяне адной. У тыя дні, калі нашая моладзь стаяла на плошчы, мы ужо пачыналі зьбіраць грошы і рэчы, ўжо тады хацелася дапамагаць ім.»

Ідэю фонду падтрымалі іншыя арганізацыі ў Літве. У ліку першых — грамадзкая арганізацыя Аб'яднаны цэнтр беларускіх ініцыятываў, на сайце якой (www.jubic.org) можна знайсьці ўсю інфармацыю пра літоўскі фонд дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў у Беларусі. Л.Вітушкава паведаміла, што на момант адкрыцьця рахунку ўжо былі першыя ахвяраваньні.

(Вітушкава: ) «Першыя ўзносы зрабілі, натуральна, заснавальнікі. Так што першыя грошы ўжо на рахунку ёсьць, пачатак добрай справе пакладзены.»

Паводле заснавальнікаў, сама ідэя такога фонду, як народнай ініцыятывы, абвяргае абвінавачваньні беларускай улады ў тым, што ўдзельнікам акцыяў пратэсту плацілі замежныя дзяржавы.

(Вітушкава: ) «У беларускіх лукашэнкаўскіх мас-мэдыях гавораць, што тым людзям, якія выходзяць на мітынгі, пратэстуюць супраць фальсіфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах, нібыта плацяць грошы. Гэта няпраўда. Я са сваёй сям'ёй набыла візы, страхоўкі, білеты — усё самі — і мы прыехалі ў Менск, каб быць разам з усімі. Мы зрабілі для сябе сьвята, мы былі з самай лепшай часткай нашага народу, мы спаткалі там сваіх сяброў. Мы пабачылі, як нас разам багата. А што да дапамогі з боку Эўразьвязу і іншых краінаў, то гэтага ніхта і не хавае — гэтыя грошы не выдзяляюцца канкрэтным людзям, яны ідуць на разьвіцьцё радыё, тэлевізіі, і гэтак далей. У гэтым няма нічога заганнага. Гэта цалкам нармальна для чалавека дэмакратычных паглядаў, які шануе сваё і паважае погляды іншых. Такому чалавеку таксама баліць за тое, што недзе б'юць людзей, чыняць гвалт.»

 

Тацяна Поклад
Радыё Свабода