Аляксандра Лукашэнку чакае Міжнародны
грамадзкі суд

18.04.2006

Першае паседжаньне Міжнароднага грамадзкага суду, які разгледзіць абвінавачаньні на адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, мяркуецца правесьці сёлета ў верасьні. Пра гэта падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў ініцыятар стварэньня такога суду, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле спадара Лябедзькі, разглядаецца некалькі варыянтаў месца правядзеньня першага паседжаньня суду — Вільня, Кіеў, Варшава, Масква і Менск. Падрыхтоўку абвінавачаньня ўжо пачалі дасьведчаныя юрысты. Для гэтага будуць скарыстаныя таксама юрыдычныя дакумэнты групы Віктара Ганчара і прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

(Лябедзька: ) «Яно будзе ўключаць, як мінімум, дзясяткі, максымум — сотні эпізодаў, канкрэтных сытуацыяў. Падчас першага паседжаньня будзе абавязковым разгляд антыканстытуцыйнага перавароту 1996 году, выкраданьні й палітычныя забойствы, магчыма, падзеі 19—25 сакавіка ў Менску. Асноўная місія грамадзкага суду — паказаць, якой ёсьць прырода беларускага рэжыму. Трэба пазбаўляць людзей ня толькі ўнутры Беларусі, а і за яе межамі ад мітаў, якія створаныя, ад ілюзіяў».

Ініцыятары ўжо заручыліся падтрымкай прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса і разьлічваюць далучыць да працы Вацлава Гаўла, Леха Валэнсу, Аляксандра Квасьнеўскага, вядомых расейскіх праваабаронцаў. Таксама мяркуецца ўдзел міжнародных праваабарончых арганізацыяў «Amnestу International» і «Human Rights Watch». Паводле спадара Лябедзькі, літоўскія дэпутаты выказвалі прапанову перавесьці дзейнасьць суду ў рамкі Рады Эўропы. Анатоль Лябедзька не выключае, што матэрыялаў суду можа хапіць для разгляду ў міжнародным трыбунале.

(Лябедзька: ) «Гэта будзе ў фармаце слуханьняў, куды будуць запрашацца розныя бакі. Безумоўна, што позва будзе накіраваная і Лукашэнку. Па іншых справах — Шэйману, Навумаву, Сівакову. Будзе вынесенае рашэньне не прамога дзеяньня. Усё гэта будзе фармаваць грамадзкую думку ўнутры краіны і за яе межамі. Нішто не забыта, і ніхто не забыты. Усё гэта спатрэбіцца ўжо ў працэсах грамадзянскіх, якія пачнуцца ў самой Беларусі».

Паводле спадара Лябедзькі, суд будзе выносіць рашэньні прававога, палітычнага і маральнага характару. Акрамя таго, партыйцы выказаліся за стварэньне грамадзянскай ініцыятывы «Салідарнасьць дзеля свабоды», мэта якой — вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

(Лябедзька: ) «Мы маем намер накіраваць зварот да кожнага зь лідэраў васьмёркі, каб беларускае пытаньне было пастаўлена на парадак дня паседжаньня саміту, які адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу, і каб складовай часткай было вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі».