У Варшаве адкрыты Беларускі інфармацыйны пункт

26.04.2006

25 красавіка былі згорнутыя намёты каля амбасады Беларусі ў Варшаве, якія прастаялі там паўтары месяцы — актывісты Саюза на карысьць дэмакратыі ў Беларусі з намётаў перабраліся ў офіс, дзе адкрылі Беларускі інфармацыйны пункт.

Намёт каля амбасады Беларусі ў Варшаве быў усталяваны 14 сакавіка перадусім дзеля таго, каб інфармаваць палякаў пра апошнія падзеі ў Беларусі і каардынаваць шматлікія акцыі пратэсту, што адбываліся ў тыя дні каля будынку пасольства.

(Славамір: ) «Былі такія моманты, калі я пачаў сумнявацца, але неяк перажыў усё і надалей упэўнены, што быў тут у слушнай справе. Мы яшчэ не скончылі змаганьне, гэта была толькі адна бітва», — сказаў нашаму радыё 35-гадовы актывіст Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Славамір, які дзяжурыў у намётах ад самога пачатку.

Цягам гэтага часу намёты наведалі шмат вядомых людзей — прадстаўнікі ўраду, кіраўнікі польскага Сэйму і Эўрапейскага парлямэнту. Жыхарам намётаў дапамагалі і звычайныя палякі — жыхары суседніх дамоў прыносілі ім гарачую ежу.

Адзін зь лідэраў Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі Віталь Лоцманаў кажа, што акцыя каля пасольства прайшла пасьпяхова:

(Лоцманаў: ) «Тое, што тут адбывалася, мела вялікі розгалас ня толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Эўразьвязу — да беларускага пытаньня была прыцягнутая вялікая ўвага».

Спадар Лоцманаў кажа, што «Амбасада свабоднай Беларусі» — а менавіта так называлі намёты каля пасольства — не спыняе сваю дзейнасьць. Згарнуўшы намёты, актывісты Зьвязу пераехалі ў офіс у Варшаве, дзе быў адкрыты незалежны Беларускі інфармацыйны пункт.

(Лоцманаў: ) «Сюды змогуць прыйсьці беларускія студэнты, іншыя грамадзяне Беларусі, атрымаць сьвежую інфармацыю зь Беларусі, інфармацыю, якой няма ў афіцыйных СМІ. Мы будзем дапамагаць выконваць стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, дапамагаць, як можам».

Памяшканьне для дзейнасьці пункту пагадзілася выдзеліць дэпутат Сэйму ад кіруючай партыі “Права і справядлівасьць” Малгажата Гасеўска.

(Гасеўска: ) «Скажу так —– калісьці дапамагалі нам і цяпер мы адчуваем абавязак дапамагаць тым, у каго свабоды і дэмакратыі няма. Я была ў Беларусі і бачыла, як людзі там патрабуюць ня толькі нейкіх матэрыяльных рэчаў, але менавіта звычайнай свабоды».

Ужо ў бліжэйшыя дні інфармацыйны пункт пачне працаваць у нармальным рэжыме — у працоўныя гадзіны тут можна будзе атрымаць інфармацыйныя матэрыялы, паразмаўляць з кансультантам.

Адрас беларускага інфармацыйнага пункту ў Варшаве: вуліца Вашынгтона, 30/36.