У Познані адкрыўся беларускі Культурна-асьветніцкі цэнтар

23.05.2006

У Познані адбылося ўрачыстае адкрыцьцё беларускага Культурна-асьветніцкага цэнтру, які бясплатна атрымаў вялікае памяшканьне ад гарадзкіх уладаў у цэнтры гораду, а таксама друкарскія машыны.

Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар існуе ўжо некалькі гадоў і займаецца ня толькі культурніцкімі праектамі, але арганізоўвае таксама палітычныя акцыі — сярод іншага акцыі салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю.

У часе ўрачыстага адкрыцьця офісу цэнтру, бела-чырвона-белую стужку разам са старшынём арганізацыі Віталём Воранавым, перарэзаў намесьнік мэра Познані Мацей Франкевіч. У сваю чаргу, мэр гэтага горада Рышард Грабэльны заявіў нашаму радыё, што разьлічвае, што Беларусь у хуткім часе стане вольнай.

(Грабэльны: ) «Калі глядзець у пэрспэктыву, дык пасьля ўсяго, што адбылося навокал Беларусі, гэтая краіна ня можа заставацца зьняволенай. Пытаньне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца. Мы ў Польшчы перамаглі ў 1989 годзе, а змаганьне пачалося ў 1956-м».

Паводле спадара Воранава, атрыманьне памяшканьня дапаможа сябрам беларускага цэнтру актывізаваць сваю працу.

(Воранаў: ) «Гэта значна палепшыць нашую працу — будзе дзе зьбірацца, захоўваць кніжкі — дагэтуль гэта была праблема. Адзін зь першых нашых крокаў — гэта адкрыцьцё тут беларускай бібліятэкі імя Францішка Багушэвіча. Ёсьць ужо першыя фундатары кніжак».

Акрамя памяшканьня, якое настолькі вялікае, што там плянуецца наладзіць сталую экспазыцыю беларускіх мастакоў, беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар атрымаў таксама друкарскія машыны. Дарэчы, выданьне беларускіх кніжак — у бліжэйшых плянах Цэнтру.

(Воранаў: ) «Мы плянуем сэрыю перакладаў дзіцячых кніжак на беларускую мову — гэта творы замежных аўтараў, якія ніколі не выдаваліся па-беларуску, ці выдаваліся малымі накладамі. Ужо рыхтуецца першая кніга сэрыі — «Віні Пух», якая павінна пабачыць сьвет у жніўні сёлета».