Прамова Валерыi Красоўскай на Вялiкiм Джынсавым Фэсце

18.09.2006

Прывiтаньне, сябры!

Гэта бацька мой, Красоўскi Анатоль. Гэта ягоны сябра, Вiктар Ганчар. 16 верасня 1999 года iх жыцьцё, верагодна, абарвалося. Калi тата мой на небе, дык душа яго ў раю, таму што ўсе жыцьцё яго – чэраг добрых учынкаў. Сумленьне майго бацькi чыстае. Аднак маё жыцьцё, жыцьцё мацi маёй ды сястры падобнае на пекла. Пакуты невядомасьцi катуюць нас ужо сем год.

Страшней за невядомасьць толькi ўсьведамленьне таго, што павiнныя ў гвалтоўных зьнiкненьнях Юрыя Захаранкi, Вiктара Ганчара, Анатоля Красоускага, Зьмiцера Завадскага бяскарна працягваюць чынiць зло. Жыць i ведаць, шта па адной c табой зямлi ходзiць той, хто адправiў бацьку твайго на сьмерць – гэта ёсьць пекла.

Раней, як у кожнага з вас, былi ў мяне свае блакiтныя мары. Зараз маю я толькi адну мару: каб злачынцы атрымалi пакараньне.

Ва што пераўтварылася краiна наша цягам апошнiх 12 гадоў? Беларусы вымiраюць. Мы больш не нараджаем дзяцей – мы баiмся, што нашым дзецям ня будзе чаго есьцi, бо толькi слугi рэжыму, людзi без сумленьня жывуць у нас багата. Мы жывем па-за мяжой галечы. Вакол нас – шэрасьць i туга. Але ня гэта самае страшнае. Самае страшнае – гэта хлусьня, ледзь прыкрытая бруднымi шматкамi тэлерэпартажэй БТ. Самае страшнае – калi хлопец з суседняга пад’езду, апрануты ў мiлiцэйскую форму, валачэ юначку за валасы па асфальце. А горш за ўсе тое, што судовая сiстэма пераўтварылся ў iнструмент запужваньня нязгодных. Ды як жа магчыма гэта, сябры, што iмёны тых, хто дачынен да гвалтоўных зьнiкненьняў Юрыя Захаранкi, Вiктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмiцера Звадскага, вядомыя на ўвесь сьвет, а замест пакараньня яны атрымлiваюць чыны ды медалi? Це не становiцца вам страшна за жыцьцё сваiх дзяцей, бацькоў, сяброў, за сваё асабiстае жыцьцё, калi вы ўяўляеце гэта?

Жыцьцё майго бацькi, таксама як i жыцьцi Юрыя Захаранкi, Вiктара Ганчара, Зьмiтра Завадскага – гэта гiсторыя. Людзi гэтыя – героi нашага часу, бо яны змагалiся за лепшы лёс для ўсiх нас. Яны вартыя перйманьня, павагi i, натуральна, – памяцi.

У першую гадавiну зьнiкненьня Анатоля Красоўскага i Вiктара Ганчара сабралася некалькi чалавек. З кожным годам удзельнiкаў акцыяў iх памяцi станавiлася ўсё болей.

Сёньня я бачу тысячы сьветлых твараў. Я расчулена тым, што вы прыйшлi ўшанаваць памяць майго бацькi i iньшых адсутных бяз вестак. Сэрца мае поўнiцца радасьцьцю, бо я бачу, што ўсе вы прагнiце праўды ды свабоды.
Сябры, адна толькi вера выратоўвае мяне i маiх родных, а таксама ўсiх, хто пацярпеў ад аўтарытарнага рэжыму на Беларусi. Вера ў трыумф правасудзьзя. Якое здзейсьнiцца ня толькi на небе, але ж i на зямлi. I чакаць засталося нядоўга, сябры. Усё залежыць ад нашай салiдарнасьцi. Жыве Беларусь.