У Курапатах разламалі лаву Клінтана

30.01.2007

Ва ўрочышчы Курапаты здарыўся чарговы акт вандалізму. Разламаны мэмарыяльны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці», падараваны прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. Сёньня ж ва ўрочышчы адбылася акцыя памяці — на месцы масавых расстрэлаў былі запаленыя сьвечкі. Адначасова падобныя акцыі прайшлі ў Расеі, яны прымеркаваныя да 70-й гадавіны 1937 году.


Пры ўваходзе ва ўрочышча супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным сёньня правяралі дакумэнты ўва ўсіх, хто прыйшоў узяць удзел у акцыі памяці. Падняўшыся на курапацкі пагорак сустракаю ля разламанай «лавы Клінтана» другога сакратара амбасады ЗША ў Беларусі Стывэна Гілэна. Частка мэмарыяльнага знаку адсутнічае.

Гілэн: «Мы лічым гэтае здарэньне вялікай трагедыяй. Гэтая лава была вельмі маленькай, але гэта быў вельмі важны сымбаль сяброўства паміж беларускім і амэрыканскім народамі. Гэта трагедыя».

 

Ганна Соўсь
Радыё Свабода