У Вільні адзначылі Дзень салідарнасьці ў Доме правоў чалавека

17.02.2007

16 лютага ў Вільні адкрыты нядаўна Дом правоў чалавека правёў грамадзкую сустрэчу з нагоды Дня салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі ў Беларусі. Ва ўсіх вокнах Дому былі запаленыя сьвечкі, а ў актавай залі адбылася вечарына-маналёг.

Гэтым разам галоўным героем вечарыны стаў Валеры Руселік — студэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, абаронца намётавага гарадка на плошчы Каліноўскага, актывіст змаганьня гарадзенцаў супраць руйнаваньня архітэктурнай спадчыны. Віленская публіка цёпла сустрэла маналёг, вершы і песьні Валерыя Руселіка, а таксама выставу ягоных фотаздымкаў.

Віленскі Дом правоў чалавека мяркуе праводзіць падобныя сустрэчы зь беларускімі грамадзкімі актывістамі 16-га дня кожнага месяца.

 


Радыё Свабода