ЗША ўводзяць санкцыі яшчэ супраць шасці беларускіх службоўцаў

01.03.2007

Адміністрацыя ЗША ўвяла фінансава-эканамічныя санкцыі супраць шэрагу беларускіх кіраўнікоў. Гэтым разам у “чорны спіс” патрапілі генпракурор рэспублікі Пётр Міклашэвіч, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, камандзір палка менскага АМАПа Юры Падабед, былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў і кіраўнік дэпартамента па грамадскіх арганізацыях Мінюста РБ Алег Сліжэўскі. Сутнасць санкцый у забароне на ўезд у ЗША, замарожванні любых актываў, якія могуць мецца ў гэтых людзей у ЗША, і ўвядзенні забароны на ўсялякія дзелавыя кантакты з імі амерыканцаў, паведамляе ІТАР-ТАСС. Такім чынам, агульная колькасць дзейных і былых сяброў кіраўніцтва Беларусі, у дачыненні якіх ЗША ўвялі фінансавыя санкцыі, дасягнула 16 чалавек, адзначаецца ў паведамленні, размешчаным у аўторак на сайце амерыканскага Міністэрства фінансаў.

У заяве Мінфіна ЗША сцвярджаецца, што гэтыя асобы «ігралі важную ролю ў дэспатычным рэжыме Аляксандра Лукашэнк», «бралі актыўны ўдзел у ганеннях на грамадзянскую супольнасць і дэмакратычную апазіцыю» ў Беларусі пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў, а таксама датычныя да падтасоўкі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Кіраўнік дэпартамента кантролю за замежнай уласнасцю ў Міністэрстве фінансаў ЗША Адам Шубін заявіў наконт гэтага рашэння, што «ў цывілізаваным свеце няма месца дзеячам, датычным да парушэння правоў чалавека і палітычных рэпрэсій». Па яго словах, ЗША «працягвае дзейнічаць супраць беларускіх службовых асоб, якія злоўжываюць сваё становішча і пазбаўляюць правоў свой народ, душаць дэмакратыю і свабоду», паведамляе «Інтэрфакc».

Нагадаем, што ў 2006 годзе Мінфін ЗША ўжо ўводзіў такія самыя санкцыі супраць дзесяці вышэйшых беларускіх кіраўнікоў, у тым ліку прэзідэнта краіны. Усе гэтыя меры ўводзяцца на падставе выканаўчага указа прэзідэнта ЗША Джорджа Буша. Пры гэтым улады ЗША спасылаюцца на тое, што дзейнічаюць сінхронна з Еўразвязам.

На пачатку студзеня 2007 года прэзідэнт ЗША Джордж Буш падпісаў прыняты ў снежні кангрэсам ЗША «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі».

«Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» быў прыняты Кангрэсам ЗША у кастрычніку 2004 года. У закон 2006 года аб падаўжэнні Акту ўключана тлумачэнне, паводле якога да «вышэйшага беларускага кіраўніцтва аднесеныя прэзідэнт, прэм’ер-міністр, намеснікі прэм’ер-міністра, міністры, старшыні дзяржкамітэтаў, а таксама супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі». Акрамя гэтага, да гэтай самай катэгорыі аднесеныя «ўсе афіцыйныя асобы ўрада Беларусі, хто асабіста і ў значнай ступені ўдзельнічае ў прыгнечанні свабодаў у Беларусі, уключна суддзяў і пракурораў». Паводле рашэння дзяржсакратара ЗША у гэты спіс можа быць уключаная любая іншая асоба, «якая ўдзельнічае ў выпрацоўцы і правядзенні палітыкі рэжыму Лукашэнкі, якая знаходзіцца ў супярэчнасці з міжнародна прызнанымі стандартамі ў сферы правоў чалавека», паведамляе РІА «Новости».

Нагадаем, што ў панядзелак падчас выступу на сустрэчы асацыяцыі рэспубліканскіх губернатараў амерыканскіх штатаў, прэзідэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што ЗША будуць настойваць на забеспячэнні свабоды ў Беларусі. Заявіўшы, што адміністрацыя, якую ён узначальвае, будзе праводзіць «рашучую знешнюю палітыку», кіраўнік Белага дому паведаміў, што адзін з гэтых кірункаў — барацьба з карупцыяй у замежных краінах.

 

Хартыя`97