Сваякі зніклых заклікаюць улады падпісаць Канвенцыю аб абароне ад гвалтоўных знікненняў

03.03.2007

Штогод у свеце выкрадаюць больш за дзесяць тысяч людзей. Гэтая праблема турбуе сусветную грамадскасць. Вынікам “турботы” стала прыняцце Генеральнай Асамблеяй ААН Міжнароднай канвенцыі аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, якую ў лютым на спецыяльнай цырымоніі ў Парыжы падпісалі 57 дзяржаў. Сярод еўрапейскіх краін, якія паставілі свой подпіс пад дакументам, — Францыя, Харватыя, Літва, Малдова, Сербія, Македонія, Бельгія, Боснія і Герцагавіна, Фінляндыя, Люксембург, Манака, Чарнагорыя, Партугалія, Швецыя, Албанія, Аўстрыя. Беларусі ў гэтым спісе няма.

Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў загадвае дзяржавам–сябрам ААН прымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры ў мэтах прадухілення і спынення актаў гвалтоўнага знікнення. Яна забараняе існаванне сакрэтных турмаў і абавязвае паведамляць сем’і пра лёс іх затрыманых сваякоў.

Дакумент прадугледжвае стварэнне спецыяльнага камітэта па гвалтоўных знікненнях, які будзе разглядаць даклады краін–удзельніц і скаргі прыватных асоб. У новым дакуменце падкрэсліваецца, што пры пэўных акалічнасцях гвалтоўныя знікненні могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавечнасці. У гэтай якасці яны падпадаюць пад юрысдыкцыю міжнароднага крымінальнага права.

«Белорусские новости» звярнуліся да прэс-сакратара МЗС Андрэя Папова з просьбай растлумачыць, калі Беларусь зможа падпісаць дадзены дакумент. «Канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была прынятая на 61 сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Рэспубліка Беларусь ўдзельнічала ў распрацоўцы рэзалюцыі. У самой Беларусі ёсць магчымасць далучыцца да дакумента ў той час, які яна палічыць неабходным», — адзначыў прэс-сакратар.

А.Папоў падкрэсліў, што пытанне перспектыў падпісання дакумента той або іншай краінай з’яўляецца добраахвотным. Кожная дзяржава далучаецца да той або іншай канвенцыі згодна з уласнымі ўнутранымі правіламі і інтарэсамі.

Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь падпісала не менш важныя міжнародныя праваабарончыя дакументы: Канвенцыю аб правах дзіцяці, Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын. Пры гэтым прэс-сакратар зазначыў, што шматлікія дзяржавы да іх не далучыліся.

Актыўным «прадвіжэнцам» прыняцця Канвенцыі ў нашай краіне з’яўляецца грамадзянская ініцыятыва «Мы памятаем».

Адна з яе заснавальніц Святлана Завадская распавяла «Белорусским новостям”, што для яе і іншых людзей у Беларусі, пацярпеўшых ад знікнення родных людзей, падпісанне Канвенцыі — вельмі значна.

«Мы разглядаем працу па захаванні норм Канвенцыі як абарону будучых пакаленняў ад гэтага жудаснага злачынства. Існуе маса юрыдычных пытанняў. Адно, калі чалавек памірае, зусім іншае, калі знікае. Такое трэба перажыць, каб зразумець неабходнасць супрацьстаяць гэтаму. Важна, каб ахвяры злачынстваў, у першую чаргу, сваякі маглі б, зыходзячы з дакумента, атрымаць нейкія кампенсацыі ад дзяржавы», –– сказала С. Завадская.

У Беларусі ідзе гаворка пра зніклых па палітычных матывах некалькіх чалавек. Святлана Завадская назвала імёны Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага.

«Беларуская грамадзянская ініцыятыва, якая а’яднала сваякоў выкрадзеных і забітых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста, выступала з заявай з нагоды прыняцця Генеральнай Асамблеяй ААН міжнароднай Канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў і заклікала кіраўніцтва краіны падпісаць Канвенцыю. Тым не менш, вельмі шкада, што наша краіна так і не падпісала Канвенцыю», — рэзюмавала С. Завадская.