Наста Палажанка падазраваная па справе сураць Маладога Фронту

12.03.2007

Сёньня, актывістка Маладога Фронту, Наста Палажанка была выкліканая на допыт па справе моладзевага нацыянальнага руху. Аднка замест допыту сьледчы Грахоўскі паведаміў Насьце, што яна ўжо зьяўляецца падазраванай па справе, узбуджанай 4 лютага 2007 г. З Насты ўзялі падпіску, аб тым, што дзяўчына будзе зьяўляцца на допыты, адзін зь якіх павінен адбыцца заўтра.

Адзін зь лідэраў Маладога Фронту, палітвязень Артур Фінькевіч пракамэнтаваў сёньняшнія падзеі: «Гэтыя крымінальныя справы безумоўна зьвязаныя з будучай вясной, з будучымі вясновымі падзеямі, у якіх Малады Фронт заўсёды быў і ёсьць у авангардзе ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі. МФ зьяўляўся й зьяўляецца самым актыўным удзельнікам вулічных акцыяў пратэсту. Таму ўсе гэтыя допыты па крымінальных справах, тое, што са сьведкаў маладафронтаўцаў пераводзяць у падазраваных, усё гэта сьведчыць толькі аб тым, што ўлады па-сапраўднаму баяцца беларускае моладзі. І тое, што зараз рэжым кажа аб нейкіх стасунках з дэмакратычнай Эўропай, аб нейкай лібералізацыі, усё гэта па вялікі рахунку нічога ня значыць, бо ўлады страшэнна баяцца ўнутраных зьменаў у краіне.»

Нагадаем, што на гэтым тыдні павінны яшчэ адбыцца шэраг допытаў маладафронтаўцаў.

 

Прэс-служба МФ