У Менску прайшло некалькі акцый салідарнасьці

17.03.2007

Некалькі акцый салідарнасьці прайшлі 16 сакавіка ў Менску — на праспекце Скарыны (Незалежнасьці), плошчы Перамогі, каля храма сьвятога Язэпа па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, на вуліцы Няміга.

Акцыя ў падтрымку палітзьняволеных прайшла на праспекце Скарыны (Незалежнасці), побач з Акадэміяй Навук. Яе ўдзельнікі — каля 50 маладых людзей - выстраіліся ў ланцуг уздоўж бардзюру праезджай часткі і запалілі свечкі. Мерапрыемства адбывалася ў гадзіну пік, і таму шмат людзей, якія ішлі па тратуару, а таксама дзесяткі кіроўцаў машын і пасажыраў грамадскага транспарту змаглі яго ўбачыць.

Акцыя працягвалася 15 хвілін, пасля яе ўдзельнікі паставілі запаленыя свечкі на бардзюр і разыйшліся.

16 сакавіка а 19-й гадзіне каля храма сьвятога Язэпа па вуліцы Кірылы і Мяфодзія моладзевыя актывісты запалілі сьвечкі Салідарнасьці. Таксама гэтай акцыяй яны далучыліся да тых, хто выказвае пратэст супраць перабудовы асьвечанага храма і манастыра — месца малітвы і духоўнага адраджэньня нашага народа — пад гасьцёвы комплекс, развесяляльныя залі і басэйн. Так супала, што ў гэты ж час верніки сабраліся ў гэтым жа месцы для малітвы пра ўратаваньне сьвятога месца. У акцыі прынялі ўдзел каля 30-ці чалавек.

На плошчы Перамогі, у шматлюдным падземным пераходзе, моладзевыя актывісты расклеілі вялікую колькасьць партрэтаў беларускіх палітвязьняў.

Сведкамі незвычайнага перфомансу сталі жыхары гораду, якія знаходзіліся на перакрыжаванні вуліцы Няміга і праспекта Машэрава (Пераможцаў) прыблізна а 19 гадзіне. Невядомыя людзі, падобныя на прадстаўнікоў беларускіх спецслужбаў і міліцыі, пабудавалі там мініятурную клетку-турму з кратаў.

Пасля яны пачалі затрымліваць мінакоў, якія гулялі побач з партрэтамі палітзняволеных, каляровымі шарыкамі, а таксама з вялікімі шыльдамі, на якіх былі напісаныя словы "Справядлівасць", "Праўда", "Дабрабыт". Вельмі хутка уся клетка была запоўненая "арыштантамі".

Праз некалькі хвілін каля турмы з`явілася дзяўчына з шыльдай "Свабода". Яе таксама паспрабавалі затрымаць, але безвынікова. Наадварот, яна разбурыла турму і вызваліла тых, хто зназодзіўся там. Гэта суправаджалася гучнымі апладысментамі гледачоў, сярод якіх былі і супрацоўнікі міліцыі. Праўдза, затрымаць ім нікого не ўдалося.

Адзін з удзельнікаў перфомансу так пракаментаваў яго сэнс: "Многія людзі ў нашай краіне не разумеюць простай рэчы: асабісты дабрабыт, справядлівасць у грамадстве немагчымыя без свабоды. Пакуль у нас ёсць палітзняволеныя, пакуль ёсць рэпрэсіі, пакуль улада змагаецца з любой альтэрнатыўнай думкай - ніякіх зменаў да лепшага не адбудзецца! Толькі Свабода можа змяніць Беларусь да лепшага! Таму мы заклікаем змагацца за Свабоду!"

 

Хартыя`97