У Вільні адбылася акцыя, прысвечаная Дню салідарнасці

17.03.2007

У пятніцу 16 сакавіка каля беларускай амбасады ў Літве маладыя актывісты выйшлі з фотаздымкамі зьніклых беларускіх палітыкаў: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, тэлеаператара Дзмітрыя Завацкага, былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі; палітычных вязняў: Аляксандра Казуліна, Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Дзяніса Дзянісава і Мікалая Аўтоховіча.

Актывісты сталі ў ланцуг з плакатамі насупраць беларускай амбасады і запалілі свечкі. На прыканцы акцыі маладзёны перадалі плакаты палітычных ахвяраў прадстаўніку беларускай амбасады і патлумачылі сэнс акцыі.

Як адзначыў адзін з моладзевых лідэраў, Сяржук Бахун: «Мы, удзельнікі акцыі, патрабуем ад беларускай улады наступнае: па-першае — каб адбылося незалежнае расследванне па факту зьнікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завацкага; па-другое — каб спыніліся рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў дэмакратычнага руху і былі вызвалены ўсе палітычныя вязні».

 

Вітольд Няўрыда
www.zavadsky.org