Тыдзень салідарнасьці з Беларусьсю

18.03.2007

Ад 16-га красавіка ў Польшчы і Эўропе пачынаецца «гарачы тыдзень беларускіх падзеяў» — культурных і палітычных, прымеркаваных да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і Дня Волі 25 сакавіка. Кульмінацыяй тыдня салідарнасьці з Беларусьсю стане вялізны канцэрт «Салідарныя зь Беларусьсю», які пройдзе 25 сакавіка, на Замкавым пляцы ў Варшаве.

Беларускі тыдзень пачнецца ад шэрагу культурніцкіх падзеяў — сёньняшняга канцэрту Аляксандра Памідорава ў Варшаве. У нядзелю адбудуцца паказы дакумэнтальных фільмаў зь Беларусі і польскіх пра Беларусь — «Плошча» Юрыя Хашчавацкага, «Урок беларускай» Мірэка Дэмбіньскага, сустрэчы з рэжысэрамі, выставы здымкаў зь Беларусі.

У начы зь нядзелі на панядзелак у Польшчы і іншых эўрапейскіх краінах з ініцыятывы Маладых эўрапейскіх кансэрватараў адбудзецца акцыя «Дай голас беларусам». Яе ўдзельнікі зь 30 гарадоў Эўропы завяжуць вусны помнікам, што стаяць у іхных гарадах, і павесяць на іх плякаты з патрабаваньнем свабоды слова ў Беларусі.

Вядомыя музыкі зь Беларусі і Польшчы выступяць 25 сакавіка — у беларускі Дзень Волі — у гістарычным цэнтры Варшавы.

«Там выступяць зоркі польскай музыкі, і гэта будзе канцэрт у рытме рэгі — музыкі міру. Мы ня хочам, каб гэта быў сумны канцэрт, ня хочам гаварыць пра тое, як дрэнна, але пра тое, як можа быць добра», — заявіў адзін з арганізатараў канцэрту Куба Міхалоўскі.

25 сакавіка, у 12:00 на плошчы Каліноўскага ў Менску адбудзецца сьвяткаваньне Дня Волі.