25 сакавіка ў Вашынгтоне падтрымаюць беларусаў

19.03.2007

25 сакавіка каля будынка амбасады Беларусі ў Вашынгтоне адбудзецца дэманстрацыя ў падтрымку беларускіх палітвязняў і дэмакратычных ператварэнняў у краіне. Арганізатарам акцыі выступае грамадзянская ініцыятыва «Погляд». Па словах яе прадстаўнікоў, дэманстранты арганізуюць сімвалічную плошчу Кастуся Каліноўскага — знак салідарнасці з беларусамі, якія выйдуць у гэты дзень на вуліцы Менска, каб падтрымаць дэмакратычныя працэсы ў краіне.

Генеральнай рэпетыцыяй акцыі можна лічыць дэманстрацыю, якая адбылася каля сцен амбасады Беларусі ў Вашынгтоне 16 сакавіка. Па словах кіраўніка «Погляду» Хенры Джонсана, нягледзячы на цяжкія пагодныя ўмовы — дождж і мокры снег, — некалькі дэманстрантаў прыйшлі да будынка дыпмісіі і правялі традыцыйную акцыю ў Дзень салідарнасці з Беларуссю. Дарэчы, такія мерапрыемствы праводзяцца ў Вашынгтоне 16 дня кожнага месяца.