Прэм’ер Бэльгіі: пакуль Беларусь ня вольная, Эўропа — не кантынэнт дэмакратыі

15.04.2007

Прэм’ер-міністар Бэльгіі Гі Вэрхофштат заявіў у Варшаве, што эўрапейскі кантынэнт нельга назваць «кантынэнтам дэмакратыі», пакуль недэмакратычнай застаецца Беларусь. Кіраўнік бэльгійскага ўраду прадставіў таксама сваю апошнюю кнігу ў перакладзе на беларускую мову.

Гі Вэрхофштат сутрэўся ў Варшаве са сваім польскім калегам Яраславам Качынськім, зь якім абмяркоўваў пераважна пытаньні, зьвязаныя з будучыняй Эўрапейскага зьвязу.

Кіраўнік бэльгійскага ўраду заявіў, што ў будучым неабходна стварыць нешта накшталт Злучаных Штатаў Эўропы, з агульным урадам, прэзыдэнтам, войскам. Эўразьвяз, паводле ягоных словаў, не павінен спыняць сваё пашырэньне і клапаціцца пра тое, што адбываецца ў цяперашніх суседзяў аб’яднанай Эўропы, перадусім у Беларусі.
Гі Вэрхофштат: «Пакуль Беларусь ня будзе вольнай, эўрапейскі кантынэнт нельга назваць кантынэнтам дэмакратыі».

Вэрхофштат: «Мэта Эўразьвязу — забясьпечыць мір, дэмакратыю і дабрабыт на нашым кантынэнце. Але мы не дасягнем гэтай мэты, пакуль усе эўрапейскія краіны ня будуць карыстацца гэтымі каштоўнасьцямі. Я кажу таксама і пра суседзяў Эўразьвязу, у першую чаргу пра Беларусь. Пакуль Беларусь ня будзе вольнай, эўрапейскі кантынэнт нельга назваць кантынэнтам дэмакратыі».

Спадар Вэрхофштат прадставіў у Варшаве сваю апошнюю кнігу, прысьвечаную ягоным поглядам на будучыню аб’яднанай Эўропы надрукаваную па-польску і, што стала нечаканасьцю, па-беларуску.

 

Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода