Салідарнасьць Салігорску

17.04.2007

16-га на цэнтральнай плошчы Салігорску ізноўку стаялі людзі з партрэтамі ў рукох. Нягледзячы на рэпрэсіі й ціск з боку ўладаў, няглядзячы на тое, што мінулыя дзьве акцыі ў Салігорску былі разагнаныя менскім спэцназам, нягледзячы на арышты салігорскіх актывістаў напярэдадні Дня Волі, на плошчу ў чарговы раз вышлі салігорцы каб стварыць ланцуг неабыякавых людзей.

І ў гэты раз шэраг стаўся яшчэ даўжэйшым. Блізу 50-ці чалавек выказалі сваю Салідарнасьць з сем'ямі зьніклых грамадзкіх дзеячаў і з палітычнымі вязьнямі ў нашае краіне. Гэтым разам менскі спэцназ на плошчы заўважаны ня быў, ды й супрацоўнікаў міліцыі было значна меньш чым звычайна. Акцыя традыцыйна доўжылася 15 хвілінаў і скончылася без эксцэсаў. Адзін са сталых удзельнікаў акцыі пракамэнтаваў рэакцыю мінакоў на акцыю:

— Цікава, што Дні Салідарнасьці на цэнтральнай плошчы адбываюцца кожны месцяц ужо больш за год, да таго ж увесь горад стала засыпаецца ўлёткамі аб палітвязьнях і палітычным перасьледзе грамадзкіх актывістаў, але ж многія салігорцы ўсё роўна ня ведаюць чаго мы тут стаім. Крыўдна калі некаторыя мінакі сьцвярджаюць нібыта мы тут стаім за грошы. Прыкладам сёньня адна сямейнай пара выказала ўслых здагадку, быццам кожнаму на плошчы плоцяць па 5-10 тысяч рублёў. Мы канешне пажартавалі, падлічылі, атрымліваецца паўмільёна за акцыю. А калі сур'ёзна, то пераважная большасьць безумоўна ведае чаму мы кожны месяц выходзім на плошчу і падтрымлівае нас.

 

Прэс-служба Салігорскага Маладога Фронту