У Варшаве пікетавалі беларускую амбасаду

18.04.2007

Каля будынку беларускай амбасады ў Варшаве 16 красавіка адбыўся пікет салідарнасьці з сем’ямі зьніклых беларускіх палітыкаў і сем’ямі палітвязьняў. Каля дзясятка беларусаў, які жывуць у Варшаве, прыйшлі да будынку амбасады Беларусі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, партрэтамі зьніклых палітыкаў і тых, хто знаходзіцца ў турмах па палітычных матывах.

«У гэты дзень, калі людзі ў Беларусі і ў сьвеце запальваюць сьвечкі, каб ушанаваць зьніклых палітыкаў і тых, хто па палітычных матывах сядзіць у турмах, мы таксама прыйшлі да амбасады, каб прыгадаць і палякам і ўсім людзям пра тое, што ёсьць у Беларусі рэжым, ад якога і гінуць людзі і сядзяць па турмах. Зараз вось запалім сьвечкі», — паведаміў «Радыё Свабода» арганізатар пікету Ігар Крыштон.

Прысутныя трымалі таксама плякаты з надпісамі «Свабоду палітвязьням», «Дыктатара ў турму».