Выйшла кніга пра Аляксандра Казуліна — «Вязень прэзыдэнта»

11.10.2007

Вольга Казуліна зьвярнулася ў Камітэт ААН у правах чалавека з просьбай тэрмінова разгледзець скаргу наконт яе бацькі — палітзьняволенага Аляксандра Казуліна. Сёньня ж ва ўправе Партыі БНФ прэзэнтавалі кнігу пра Аляксандра Казуліна «Вязень прэзыдэнта», якая выйшла ў рамках сэрыі «Незалежнае расьсьледаваньне».

На прэзэнтацыю кнігі пра свайго бацьку Вольга Казуліна прыехала пасьля наведваньня прадстаўніцтва ААН у Беларусі, празь якое перадала скаргу ў Камітэт ААН у правах чалавека.

«Мы кажам пра тое, што першапачаткова гэта было палітычна матываванае рашэньне, на падставе якога майго бацьку пасадзілі на пяць з паловай гадоў. Мы патрабуем, каб Камітэт ААН у правах чалавека ў пазачарговым парадку разгледзеў гэтую скаргу. Мы патрабуем, каб яго неадкладна вызвалілі. І трэцяе — мы патрабуем кампэнсаваць маральныя страты — на 2 мільёны эўра», — паведаміла Вольга Казуліна.

Паводле Вольгі Казулінай, гэта яшчэ невялікая сума з улікам тых пакутаў, што давялося перанесьці яе бацьку, экс-кандыдату ў прэзыдэнты і проста грамадзяніну Беларусі.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, які разам з Аляксандрам Казуліным пэўны час адбываў пакараньне ў калёніі «Віцьба-3», гаворыць пра крытычны стан здароўя колішняга кандыдата ў прэзыдэнты.

«У мяне дакладная інфармацыя ёсьць ад яго. У яго праблемы з зубамі, адыходзіць эмаль, праблемы са страўнікам і кровазваротам галаўнога мозгу. Гэта ўсё наступствы 53-дзённай галадоўкі. Выйсьці з гэтага стану немагчыма. Я лічу, што яго там павольна забіваюць».

У выдадзеную праваабаронцамі Алегам Воўчакам і Раісай Міхайлоўскай кнігу «Вязень прэзыдэнта» ўвайшлі матэрыялы грамадзкай камісіі Свабоду Казуліну і ўсім палітвязьням Беларусі».

У кнізе — выступы Казуліна падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, матэрыялы папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы, тут жа хроніка суду над палітыкам.

Аўтары склалі сьпіс з 86 чалавек, якія наўпрост ці ўскосна зьвязаныя з крымінальнай справай супраць Аляксандра Казуліна. Сярод іх і міліцыянты, і спэцназаўцы, і судзьдзі, і пракуроры. Праўда, як адзначыла Вольга Казуліна, у сьпісе не хапае яшчэ аднаго чалавека, на чый загад Аляксандар Казулін і апынуўся за кратамі.

У сэрыі «Незалежнае расьсьледаваньне» ўжо выйшлі бюлетэні пра «Марш свабоды» 1999 году, пра трагедыю на Нямізе, пра зьніклых палітыкаў. На прэзэнтацыі былі жонкі зьніклых Віктара Ганчара, Зьмітра Завадзкага і Анатоля Красоўскага.

Ірына Красоўская ў інтэрвію «Свабодзе» гаворыць пра важнасьць выданьняў з сэрыі «Незалежнае расьсьледаваньне».

«Я лічу, што гэта вельмі добрая і карысная справа, таму што людзі ў Беларусі ня маюць дастаткова інфармацыі пра тое, што адбываецца з тымі людзьмі, хто спрабуе супрацьстаяць гэтай уладзе».

Праваабаронца і каардынатар камісіі «Свабоду Казуліну і ўсім палітвязьням Беларусі» Алег Воўчак лічыць, што пытаньне палітвязьняў і зьніклых у Беларусі дагэтуль застаецца надзвычай актуальным.

Былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Палітыка трымаюць за кратамі з 25 сакавіка 2006 году. У калёніі Аляксандар Казулін трымаў 53-дзённую галадоўку, якая адбілася на ягоным здароўі. «Міжнародная амністыя» прызнала Казуліна вязьнем сумленьня.

 

Ганна Соўсь
Радыё Свабода