Януша Анышкевіча затрымалі на польска-беларускай мяжы

14.10.2007

Сёння на польска-беларускай мяжы беларускія памежнікі затрымалі намесніка старшыні Еўрапарламента Януша Анышкевіча, які ехаў ў Мінск на Еўрапейскім марш. У эксклюзіўным інтэрв’ю Рацыі Анышкевіч распавёў пра акалічнасці ягонай паездкі ў Беларусь.

«Не назвалі мне ніякіх прычын, па якіх мой уезд у Беларусь стаў немагчымым. Іх дзеянні супярэчаць пагадненню паміж Польшчай і Беларуссю, у якім ясна гаворыцца, што ўладальнікі дыпламатычных пашпартаў, а ў мяне такі ёсць, могуць перасякаць мяжу без візаў, хіба што ўнутраная сітуацыя ў Беларусі стане такой, што прысутнасць іншаземцаў у краіне не будзе магчымай. Пакуль што няма нічога такога ў Беларусі, што тлумачыла б прымяненне гэткага запісу. Бо бадай што Лукашэнка не плануе ўвядзенне надзвычайнага становішча або ўвядзенне ваеннага становішча на сённяшні дзень ці ў бліжэйшай будучыні», — сказаў Януш Анышкевіч.

Рацыя запытала ў еўрапарламентара, ці ехаў ён прыняць удзел у Еўрапейскім маршы.

«Я ехаў у Мінск, каб пагаварыць з маімі мінскімі сябрамі і каб падключыцца да дэманстрацыі, якая мае паказаць еўрапейскія памкненні Беларусі. І еўрапэйскае месца ў Еўропе для Беларусі. Я хацеў бы ім сказаць, што ў Беларусі ёсць месца ў Еўропе, у сям’і свабодных еўрапейскіх народаў. А калі будзе такое жаданне беларусаў, то адпаведна і ў сям’і краін Еўразвязу. Гэта дарога будзе доўгай, але беларусы павінны ўсведамляць, што на гэтым шляху ў іх шмат сяброў, якія дапамогуць ім не толькі з сімпатыі, але і з перакананняў, што Беларусь і беларусы — вялікі еўрапейскі народ — абавязаны знайсці сябе ў сям’і свабодных еўрапейскіх народаў», — паведаміў Анышкевіч.

Зараз ён у Варшаве на плошчы Канстытуцыі, дзе бярэ ўдзел у Еўрапейскім маршы, зарганізаваным звязам «За Свабодную Беларусь» і студэнтамі-каліноўцамі.

 

Радыё Рацыя