Вольга Завадская шукае адказных за знікненне сына

04.11.2007

Вольга Завадская патрабуе ад Генеральнай пракуратуры прыцягнуць да адказнасці найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі ў сувязі са знікненнем яе сына, журналіста Змітра Завадскага, а таксама зніклых апазіцыйных палітыкаў.

Хадайніцтва адрасаванае на імя Генеральнага пракурора. У ім выкладзеная просьба вывучыць далучаны да хадайніцтва абвінавальны акт, у якім вядзецца пра датычнасць да знікнення лідэраў апазіцыі Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі, а менавіта: дзяржсакратара Рады бяспекі Віктара Шэймана, экс-міністра МУС Юр’я Сівакова, сённяшняга міністра МУС Уладзіміра Навумава, камандзіра в/ч 3214 Зміцера Паўлічэнкі і былога начальніка Службы бяспекі Лукашэнкі Мікалая Васільчанкі.

У хадатайніцтве, падрыхтаваным юрыстам-праваабаронцам Гары Паганяйлам, таксама зазначаецца, што яшчэ ў студзені 2003 года на адрас старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь накіроўвалася заява аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць пазначаных асобаў па прыкметах склада злачынства, прадугледжанага ар. 128 КК (Злачынства супраць бяспекі чалавецтва). Але да цяперашняга часу лёс гэтай заявы невядомы.

Вольга Завадская таксама нагадвае, тэрміны папярэдняга расследвання па справе знікнення яе сфна неаднаразова падаўжаліся. Апошні мусіць скончыцца 24 снежня 2007 года. Разам з тым, следства ні разу цягам васьмі гадоў не дало аніякай вартай увагі інфармацыі аб выніках расследвання. Не задаволены таксама патрабаванні аб адхіленні падазроных асобаў ад займаемых пасад у адпаведнасці з артыкулам 131 КПК РБ.

Паводле дакументаў крымінальнай справы па факце знікнення Змітра Завадскага, злачынства было ўчыненае У. Ігнатовічам і М. Малікам супольна з іншымі невядомымі следству асобамі. Аднак з моманту вынясення прысуду мінула болей за 5 гадоў, але дагэтуль няма інфармацыі, што зроблена следствам для пошуку тых «невядомых» асобаў. Далейшы лёс Змітра Завадскага таксама да гэтага часу ня вызначаны.

Аўтары хадайніцтва патрабуюць вычарпальнай інфармацыі на пытанні, пастаўленыя ў дакуменце, і падкрэсліваюць, што гэты зварот з’яўляецца апошнім дзеля вычарпання ўсіх унутрыдзяржаўных сродкаў прававой абароны.