Праваабаронцы заклікалі Раду бяспекі ААН разгледзець сітуацыю ў Беларусі

10.12.2007

Праваабаронцы заклікалі Раду бяспекі ААН вярнуцца да разгляду парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. «Мы заклікаем краіны, якія з'яўляюцца пастаяннымі сябрамі Рады бяспекі ААН, асабліва кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі, вярнуцца да разгляду праблем, звязаных з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве аргкамітэта па фармаванні ў Беларусі Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій.

Заява распаўсюджаная 10 снежня, у Сусветны дзень абароны правоў чалавека. Нагадаем, у гэты дзень у 1948 годзе Генеральнай асамблеяй ААН была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

У заяве падкрэсліваецца, што беларускія ўлады парушаюць прынцыпы міжнароднага права і абавязальніцтвы краіны ў рамках Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, ігнаруючы крытыку міжнароднай супольнасці, паведамляе БелаПАН.

Аргкамітэт нагадвае, што 21 лістапада 2007 года Трэці камітэт ААН прыняў рэзалюцыю, у якой змешчаны заклік да ўрада Беларусі "неадкладна і безумоўна вызваліць усіх, затрыманых па палітычна матываваных прычынах", а таксама спыніць «прыгнёт і запалохванні» апанентаў улады. «Пакуль няма сур'ёзных падстаў лічыць, што беларускі ўрад адгукнецца на дадзеныя прапановы», — падкрэсліваецца ў заяве аргкамітэта.

«Перакананыя, што ўся сусветная супольнасць, уключна Расею, разумее і падтрымае імкненне беларускай грамадскасці да ўсталявання ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнага ўрада, няўхільна выконваючага прынятыя міжнародныя абавязальніцтвы, якое забяспечвае права і свабоды сваіх грамадзян», — гаворыцца ў заяве.