Абраны новы старшыня камісіі Эўрапарлямэнту па пытаньнях Беларусі

13.01.2008

Эўрадэпутат ад Польшчы Яцэк Пратасевіч абраны на пасаду старшыні камісіі Эўрапарлямэнту па пытаньнях Беларусі.

Пратасевіч, які зьяўляецца сябрам партыі Грамадзянская Плятформа, да гэтае пары ўзначальваў камісію па пытаньнях Паўднёва-Ўсходнай Эўропы, у тым ліку Косава, а таксама актыўна ўдзельнічаў у ініцыятывах па падтрымцы беларускай дэмакратычнай апазыцыі й незалежных грамадзкіх аб`яднаньняў.

Дарэчы, у 2004 годзе Пратасевіч быў у Беларусі ў складзе місіі Эўрапарлямэнту, якая назірала за правядзеньнем парлямэнцкіх выбараў. Акрамя таго, займаўся актыўнай падтрымкай непрызнаванага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў Беларусі.

Нагадаем, што Яцэк Пратасевіч замяніў на пасадзе старшыню камісіі Эўрапарлямэнту па пытаньнях Беларусі Багдана Кліха, які ва ўрадзе Дональда Туска заняў пасаду міністра нацыянальнай абароны Польшчы.