10-га лютага ў Нью-Йорку адбудзецца дэманстрацыя ў падтрымку маладых палiтвязьняў Беларусі

27.01.2008

10-га лютага Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі праводзіць дэманстрацыю ў абарону маладых актывістаў Беларусі, якiя рэпрэсаваны сучасным таталітарным рэжымам.

Актывіста «Маладога Фронту» Артура Фінькевіча суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў да 1,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Палітвязня прызналі вінаватым у парушэнні рэжыму адбывання пакарання ў відзе абмежавання свабоды.

Два гады таму Артур Фінькевіч быў арыштаваны і прысуджаны да абмежавання свабоды за графіці «Дастаў!» і «Мы хочам новага!». Падчас адбывання пакарання на маладога чалавека некалькі разоў накладалі спагнанні за парушэнне рэжыму, з якімі ён быў не згодны, але абскардзіць гэтыя прысуды яму не атрымалася. Калі б не крымінальная справа, Артур выйшаў бы ўжо на свабоду.

8-га лютага ў Артура будзе дзень народзінаў! У свае 23 ён троху пасівеў і мае хворае сэрца.

Пад пагрозай таксама апынуліся маладафронтаўцы Андрусь Цянюта й Кася Салаўёва, актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэй Кім і чалец партыі «Грамада» Зьміцер Лісіенак.

Менавіта зараз, улічваючы бязвыхадны стан Беларусі на міжнароднай пляцоўцы, ёсьць ясная магчымасьць вызваліць і пазбавіць нашых сяброў ад новых крымінальных спраў, што пацьвярджаецца нечаканымі вызваленьнямі палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча й Юрыя Лявонава. Галоўнае — актыўна й ўмела выкарыстаць гэты шанец.

Дэманстрацыя пачынаецца ў 10.30 перад будынкам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Йорку ( паміж E 42 i E 43 Street на 1 Avenue),
760 United Nations Plaza.

Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі