Адбылася прэм`ера новага фільму пра беларускіх палітвязьняў

16.02.2008

16 лютага ў сядзібе Беларускага ПЭН-Цэнтру адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму рэжысэра Вольгі Мікалайчык «Вязьні сумленьня». Героямі стужкі ёсць тыя, хто трапіў за краты за сваю палітычную дзейнасьць, гэта экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, прафэсар Аляксандар Казулін, маладзёвыя актывісты Павал Севярынец, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Андрэй Клімаў, іх родныя, а таксама палітыкі й праваабаронцы. Удзельнікі імпрэзы літаральна за некалькі хвілінаў да яе пачатку даведаліся пра вызваленьне з калёніі Андрэя Клімава.

У фільме апавядаецца пра людзей, прызнаных міжнароднай дэмакратычнай супольнасьцю й міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі «вязьнямі сумленьня», пра іхняе змаганьне, пра тое, чым ахвяравалі гэтыя асобы й за што трапілі ў турмы, пра тое, у якіх нечалавечых умовах яны ўтрымліваюцца за кратамі.

Паводле словаў паэта Генадзя Бураўкіна, героі фільма — «гэта людзі ідэі, людзі сьветлыя, якія ня толькі дзеля сябе і дзеля сваёй сям’і, а сапраўды, калі гучна гаварыць, дзеля народу, дзеля Беларусі гатовыя на ўсё».

Рэжысэр фільма Вольга Мікалайчык, добра вядомая як прадусар знакамітага твора Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт», адзначыла, што тэма гэтае стужкі ўзьнікла адразу пасьля таго, як у Беларусі зьявіліся палітычныя зьняволеныя. Гэта, паводле Вольгі Мікалайчык, была нават не ідэя, але абавязак па факце зрабіць гэты фільм. І ажыцьцявілася ідэя пры непасрэденай дапамозе тэлеканалу «Белсат», якому прыйшліся даспадобы прапанаваныя спадарыняй Мікалайчык ідэя й сцэнар стужкі.

Як адзначае сама аўтарка, гэты фільм — яе маленькая бонда ў справу таго, каб людзі даведаліся пра лёсы сваіх мужных суайчыннікаў. «Мне, напрыклад, вельмі цяжка ад таго, што я вельмі мала магу зрабіць, таму гэты фільм v мой такі прыватны мэсыдж у сусьвет, таму што прафэсыйна я магу рабіць толькі гэта, а як яшчэ можна дапамагчы, што яшчэ можна зрабіць… Ад гэтага няведаньня цяжка...», — адзначае Вольга Мікалайчык.

У фільме выкарыстана шмат дакумэнтальнага матэр’ялу, адзьнятага ў часе зімовых і веснавых падзеяў 2006 году — году апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Да прыкладу, ёсьць кадры, прагледзеўшы якія робіцца зразумелым, чаму ўлады «затачылі» сваіх апанэнтаў у вязьніцы. Напрыклад, выступ у Цэнтравыбаркаме падчас рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі прэтэндэнта на вышэйшую пасаду Аляксандра Казуліна, калі той прадэманстраваў кнігу «Расстрэльная каманда» былога начальніка менскай сьледчай турмы Алега Алкаева, які эміграваў у Нямеччыну, і патрабаваў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці альбо «грамадзяніна Лукашэнку, альбо грамадзяніна Алкаева, які няверна падаў выкладзеныя ў кнізе факты».

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка наўпрост спрычынілася да гэтага фільма — яна ёсьць аўтарам усіх інтэрв’ю з блізкімі палітзьняволеных. Завершаную ж стужку Зінаіда Аляксандраўна ўбачыла ўжо на прэм’ерным паказе. «Пасьля мантажу, калі я ўбачыла ўжо гатовую працу, бязь сьлёз гэта немагчыма глядзець, — адзначае Народная артыстка. — Мне падаецца, што гэта вельмі пераканаўча глядзіцца на конт таго, на самой справе — хто мы, што мы за людзі — беларусы. І гэты фільм пераконвае, што мы ня зьнікнем з мапы Зямлі, што мы абавязкова будзем жыць, таму што за намі такая маладзёвая плыня, на якую можна вельмі моцна спадзявацца, і будучыня належыць ім. Дзякуй Богу, што ў нас такія маладыя людзі, менавіта яны ўзрушылі такое вось наша ціхенькае беларускае балотца».

Паводле словаў Зінаіды Бандарэнкі, гутарыць з блізкімі зняволеных было надзіва нескладана: «Вы ведаеце, лёгка было размаўляць. Адзінае, што я сама вельмі хвалявалася, і калі яны глядзелі на мяне вочы ў вочы, мы, можна сказаць, проста плакалі».

Як адзначыў паэт Генадзь Бураўкін, «фільм вельмі актуальны ня толькі таму, што ў турмах у нас знаходзіліся й знаходзяцца людзі, якія б маглі вельмі многа карысьці зрабіць і Беларусі, і дзяржаве, але й таму, што ён напамінае нераўнадушным людзям пра тое, што трэба змагацца ня проста так, у душы не згаджацца з той несправядлівасьцю, якая ёсьць навокал, а змагацца. Змагацца за праўду, за свабоду ва ўсіх вымярэньнях гэтай свабоды».

Апроч таго, як адзначыў Майстар, «гэта ня проста напамін пра тое, што выдатныя прадстаўнікі беларусаў знаходзяцца за кратамі, пакутуюць, гэта ўзор людзкой мужнасьці, вытрымкі, свабоды — і духоўнай, і іншай».

«У нейкім сэнсе гэта можа нават і папрок кожнаму з тых, хто гэты фільм паглядзіць: а ты ж столькі не зрабіў, як яны, а ты ня здолеў ці ў цябе не атрымалася прайсьці той сапраўды гераічны шлях, які яны так самаахвярна, так мужна прайшлі ці яшчэ праходзяць», — сказаў Генадзь Бураўкін.

На пытаньне, ці можна чакаць працягу фільму ў сьвятле таго, што палітвязьняў беларускія ўлады «з найвышэйшага дазволу» пачалі адпускаць на волю, Вольга Мікалайчык адказала: «Думаю, што, калі пройдзе яшчэ нейкі час і высьветліцца, што гэта толькі гульня з Эўропай, з грамадзтвам, то будзе працяг, і ясна, што будуць зьяўляцца фільмы, пры чым ня толькі мае, і да таго ж, яшчэ больш моцныя».

 

БелПА