Акцыя пратэсту дробных прадпрымальнікаў адбылася ў Менску

18.02.2008

На акцыю пратэсту дробных прадпрымальнікаў 18 лютага сабралася некалькі соцень маніфэстантаў. З Кастрычніцкай плошчы іх выціснуў АМОН, якому камандзіры ўвесь час нагадвалі пра неабходнасьць пасьміхацца.

Ужо трэці раз за паўтара месяцы прадпрымальнікі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску, каб патрабаваць адмены прэзыдэнцкага ўказу №760. Калі дзьве першыя акцыі 10 і 21 студзеня былі досыць масавымі, то 18 лютага прадпрымальніцкая актыўнасьць прыгасла. Частка дробных гандляроў пасьпела зьмірыцца з указам, іншыя завязалі з бізнэсам, трэція перабраліся ў Расею.

Агулам у панядзелак на Кастрычніцкай плошчы ад сілы сабралася чалавек 200. Пры гэтым міліцыянты так і не дазволілі людзям сабрацца разам. Як толькі на Плошчы зьяўлялася група людзей большая за два дзесяткі, байцы спэцназу пачыналі адціскаць за Палац Рэспублікі, а ўжо пасьля на Пляц Волі. Па пэрымэтры Плошчы былі расстаўленыя аўтазакі. На папярэдніх акцыях такіх вялікіх мераў перасьцярогі не было. Дзяжурыла міліцыя і ў падземных пераходах.

Лідэры прадпрымальніцкага руху Алесь Таўстыка, Віктар Гарбачоў, Віктар Калей, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, а таксама большасьць журналістаў першымі трапілі ў кола спэцназаўцаў. Іх пачалі выцясьняць у бок Опэрнага тэатру.

На Плошчы ўсё працягвалася па старому сцэнару, як толькі зьбіралася невялікая група людзей, спэцназаўцы адразу пачыналі адцясьняць іх з Плошчы. Праўда, у хуткасьці ўсіх адпускалі. Знаёмая журналістка напрыканцы акцыі скардзілася: «Пяты раз выганяюць з Кастрычніцкай. Стамілася ўжо».

На Плошчы пастаянна заставалася толькі Крысьціна Шацікава, якая пры зьяўленьні спэцназаўцаў адразу садзілася долу. Паспрабаваўшы некалькі разоў яе падняць, байцы вырашылі адчапіцца да жанчыны.

Частка людзей — чалавек 50 — увесь час стаяла на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Энгельса, але на Плошчу выходзіць не наважваліся. Пэўны час на Плошчы фактычна не было ніякіх транспарантаў і расьцяжак. Толькі Вольга Казуліна разгарнула расьцяжку ў падтрымку свайго бацькі: «Свабоду Казуліну». Ужо празь пяць хвілін яе закінулі ў аўтазак і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС. Там для прыліку, патрымаўшы з гадзіну, Вольгу Казуліну выпусьцілі.

На подступах да Плошчы быў затрыманы Аляксандар Мілінкевіч разам са сваімі памочнікамі Алесем Лагвінцом і Аляксеем Кавальцом. Іх затрымалі пяцёра супрацоўнікаў ў цывільным пад зачэпкай «спраўдзіць дакумэнты», пасьля чаго адвезьлі ў сьледчы аддзел МУС (вул. Сапёраў, 7). Там усіх паасобку дапыталі ў якасьці сьведкаў па крымінальнай справе за акцыю 10 студзеня. Пасьля іх таксама адпусьцілі.

Частка прадпрымальнікаў зьбіралася рушыць да будынку тэлеканалу АНТ, але дайсьці да Камуністычнай, 6 так і не ўдалося. Як потым стала вядома, прадпрымальнікам усё ж атрымалася перадаць зварот на Белтэлерадыёкампанію з патрабаваньнем жывога эфіру.

Лідэры прадпрымальніцкага руху ўжо заявілі аб падтрымцы вулічнай акцыі на Дзень Волі.