У Курапатах адбылося ўшанаваньне ахвяр сталінскіх рэпрэсій

02.03.2008

29 лютага ва ўрочышчы Курапаты адбылося ўшанаваньне ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Сотні тысяч бязьвінных людзей пахаваны на гэтым невялікім, але трагічным кутку зямлі.

Успомніць і памаліцца за беларускіх змагароў прыйшло каля трыццаці чалавек, сярод якіх, у асноўным моладзь. Беларускі палітык Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што менавіта сталеньне і духовае разьвіцьцё моладзі будзе мець вызначаючую ролю ў будучым, якое, нягледзячы на цяжкасьці і перашкоды, стане вольным і свабодным. Гісторык Ігар Кузьняцоў дадаў, што актыўныя, сьвядомыя маладзёны павінны ператвараць наяўнае жаданьне пераменаў у шматлікіх людзей у рэчаіснасьць і дапамагаць іншым уключыцца ў грамадзкую дзейнасьць. Акрамя гэтага, спадар Кузьняцоў паведаміў, што ў хуткім часе для ўсіх жадаючых будуць арганізоўвацца экскурсіі на Курапаты.

Напрыканцы людзі запалілі зьнічкі, ўсклалі кветкі і сьпявалі «Магутны Божа».

Упершыню за апошні час адбыўся непрыемны інцыдэнт: міліцыя і супрацоўнікі КДБ, якія было каля 10 чалавек, пагражаючы адміністрацыйнай адказнасьцю за несанкцыянавае мерапрыемства, спрабавалі гвалтоўна забраць бел-чырвона-белы сьцяг, які ляжаў на плечах адной з жанчын, але людзі ёй дапамаглі і жалобная акцыя скончылася без затрыманьняў.