Даклад аб палітычных рэпрэсіях ў Беларусі апублікаваны ў Польшчы
11 марта 2008

У Варшаве апублікаваны даклад па выніках дасьледваньняў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Дасьледваньнем на гэтую тэму займалася польская няўрадавая арганізацыя — Фонд «Свабода й дэмакратыя».

У выніковым рапарце раскрываеццца мэханізм перасьледваньня людзей па палітычных матывах, у ім апублікаваны ня толькі сьпіс пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў, але, і гэта найгалоўнае — сьпіс дзяржаўных чыноўнікаў і міліцыянтаў, што прычыніліся да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. У гэтым «чорным сьпісе» пазначана 472 прозьвішчы.

Аб мэтах, якія ставіла перад сабой група польскіх навукоўцаў, калі распачынала дасьледваньне парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, нам распавёў адзін з каардынатараў праекту Марэк Буцька.

Паводле яго, галоўнай мэтай было паказаць тым, хто парушае правы чалавека ў Беларусі й адчувае сябе беспакараным, што яны таксама дачакаюцца суду за свае ўчынкі.

«Нішто так не схіляе чалавека да парушэньня закону, як перакананьне, што пра гэта ніхто ня ведае. У нашым сьпісе знаходзяцца прыкладна 20% ад агульнай лічбы функцыянэраў, якія парушалі правы чалавека. Але, маем надзею, што хаця б гэтыя людзі ўсьвядомяць, што грамадзкасьць ведае пра тое, што яны робяць. Кожны, хто парушыў закон, павінен за гэта адказваць. Акрамя таго, спадзяемся, што чыноўнік, які ведае аб існаваньні такога сьпісу, задумаецца, ці варта парушаць правы чалавека, каб выслужыцца перад рэжымам», — кажа Марэк Буцька.

Дасьледчыкі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі намераныя зьвярнуцца да Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы з просьбай забараніць указаным ў рапарце асобам ўезд на тэрыторыю Польшчы.

Старшыня руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, які прысутнічаў на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай публікацыі рапарту, паведаміў, што ў бліжэйшы час дасьледваньне будзе перакладзена на беларускую мову, і яго экзэмпляры атрымаюць як беларускія праваабаронцы, так і тыя, хто патрапіў у «чорны сьпіс» рапарту.

Адзін з навукоўцаў, што займаліся праблемай палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, сацыёляг Дарыюш Залескі адзначыў, што мэтай іх працы было таксама падтрымаць беларускую моладзь, якая змагаецца за дэмакратычныя перамены.

«Досьвед былых краінаў сацлягеру паказвае, што маладым людзям, канешне, ёсьць што губляць, але менавіта яны больш за ўсіх выйграюць ад дэмакратычных пераменаў,» — падкрэсьліў польскі навуковец.

 

Польскае радыё