ЗША настроеныя рашуча ў дачыненні Беларусі

18.03.2008

Памочнік намесніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэймер узяў удзел у Брусэльскім Форуме, які праходзіў у сталіцы Бельгіі. Падзеі ў Беларусі былі прадметам кансультацый Дэвіда Крэймера, а таксама амбасадаркі ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт, якая прыехала на Форум, з кіраўніцтвам Еўразвяза і дзяржавамі-сябрамі ЕЗ. Бо на Форуме і Еўразвяз, і дзяржавы прадстаўленыя на самым высокім узроўні, то гэта была ўнікальная магчымасць сур'ёзна абмеркаваць сітуацыю, якая склалася ў Беларусі.

Міжнародны каардынатар Хартыі’97, сябар аргкамітэта грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў узяў удзел у Брусэльскім Форуме і сустрэўся з Дэвідам Крэймерам і прадстаўнікамі Офіса Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Хаўера Саланы.

«Наколькі я ведаю, у Крэймера і Сцюарт адбыліся кансультацыі па «беларускаму пытанню». Еўрапейцы пацвердзілі, што пытанне аб палітвязнях з'яўляецца прыярытэтным у стасунках з Беларуссю. Нейкія крокі насустрач беларускім уладам будуць магчымыя толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. Вялікую ўвагу Еўропа звяртае таксама на тое, як у Беларусі пройдзе святкаванне 90-годдзя БНР», — паведаміў Андрэй Саннікаў.

Па словах Андрэя Саннікава, Дэвід Крэймер зноў падкрэсліў зацікаўленасць ЗША ў наладжванні стасункаў з Беларуссю.

«Дэвід Крэймер сказаў, што Злучаныя Штаты былі гатовыя рабіць пэўныя крокі ў гэтым кірунку, аднак беларускія ўлады нечакана вырашылі пайсці на канфлікт з ЗША і адмовіцца ад сваіх жа папярэдніх запэўненняў. Памочнік намесніка дзяржсакратара гатовы быў прыехаць у Менск, калі Аляксандра Казуліна адпусцілі на пахаванні жонкі, аднак афіцыйны Менск павёў сябе дзіўным чынам. Амбасада Беларусі ў ЗША здзекліва выдала Крэймеру візу не на тыя дні, якія ён прасіў, а на тыдзень пазней, тым самым прадэманстраваўшы поўнае нежаданне супрацоўнічаць. Крэймер гатовы быў прыехаць у Менск, у тым ліку і для таго, каб працягнуць кансультацыі з афіцыйнымі асобамі і абмеркаваць далейшыя крокі па развіцці стасункаў ЗША і Беларусі. Але ў Менску выбралі канфлікт, а не супрацоўніцтва», — гаворыць сябра аргкамітэта «Еўрапейскай Беларусі».

Што тычыцца кансультацый, якія Крэймер і Сцюарт праводзілі ў Брусэлі, то, на думку Саннікава, нейкіх афіцыйных аб'яў наўрад ці варта чакаць, аднак можна сцвярджаць, што і кіраўніцтва Еўразвяза, і кіраўніцтва, уваходных у яго дзяржаў, сур'ёзна паставіліся да абвастрэння стасункаў паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі і, безумоўна, падзяляюць занепакоенасць ЗША паводзінамі беларускіх улад.

«Магу дадаць сваё асабістае ўражанне ад сустрэчы з прадстаўнікамі ЗША і Еўропы. Злучаныя Штаты сапраўды настроеныя вельмі сур'ёзна і рашуча. Калі афіцыйны Менск выявіць зацікаўленасць у наладжванні стасункаў з Злучанымі Штатамі і пачне выконваць ужо ўзгодненыя крокі, то ЗША будуць гатовыя падтрымаць гэтыя крокі. Калі ж беларускія ўлады захочуць ваяваць з Злучанымі Штатамі, то ў Амерыкі ёсць дастаткова рычагоў, каб ад гэтай вайны пацярпелі самі беларускія ўлады. Еўрапейцы, наколькі мне вядома, ужо сёння абмяркоўваюць магчымасць таго, каб зрабіць пазіцыі па Беларусі больш жорсткімі, калі за абяцаннямі Менска нічога не будзе зробленае. Аднак, як і Злучаныя Штаты Еўропа не зацікаўленая ў нагнятанні сітуацыі і хацела б паўнапраўнага ўдзелу Беларусі ў сваёй праграме суседства», – адзначае дыпламат.

Даведка прэс-цэнтра Хартыі’97:

Брусэльскі Форум — найбуйнейшы еўраатлантычны форум, у якім удзельнічаюць кіраўнікі дзяржаў, прэм'ер-міністры, міністры замежных спраў, дыпламаты, грамадскія дзеячы, журналісты з Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі.