У Курапатах ахвяр сталінізму паміналі пад наглядам міліцыі

31.03.2008

Ва ўрочышча Курапаты на паўночна-ўсходняй ускраіне Менска 29 сакавіка адбылося традыцыйнае памінанне ахвяр сталінскіх рэпрэсій з ускладаннем кветак, запальваннем свечак, хвілінай маўчання і выкананнем песень беларускага нацыянальнага адраджэння, паведамляе БелаПАН.

Падчас экскурсіі па мемарыяле кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў адзначыў, што цяпер вельмі цяжка вызначыць колькасць людзей, знішчаных органамі НКВД ва ўрочышчы ў 1930-40-я гады. Такую выснову навуковец абгрунтоўвае знішчэннем у Курапатах значнай колькасці пахаванняў пры будаўніцтве Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі і пракладцы газаправода ў пасляваенныя гады. Як мяркуе гісторык, пасля шматлікіх чыстак архіваў Камітэта дзяржбяспекі ў іх, верагодней за ўсё, адсутнічаюць дакументы па расстрэлы ва ўрочышчы. «А матэрыялы раскопак, праведзеных у Курапатах беларускімі археолагамі Зянонам Пазьняком, Алегам Іовам і Мікалаем Крывальцэвічам з 6 па 15 ліпеня 1988 года, сведчаць пра тое, што перад смерцю ў людзей былі адабраныя дакументы. Таму вельмі складана ўсталяваць імёны расстраляных», — падкрэсліў І.Кузняцоў.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч паведаміў, што ў сувязі з апошнім фактам вандалізму ва ўрочышчы па хадайніцтве аб'яднання Бараўлянскі аддзел міліцыі УУС Менскага раёна ўзбудзіў крымінальную справу. Ён назваў гэта «маленькай перамогай грамадскасці», заявіў, што аб'яднанне будзе рэагаваць на кожны факт апаганення мемарыяла, і выказаў надзею, што «хаця б адна крымінальная справа завершыцца судом і пакараннем злачынцаў». «Тады вандалы зразумеюць, што Курапаты ахоўвае не толькі грамадскасць, але і дзяржава», — лічыць А.Астаповіч.

Старшыня мемарыяльнай секцыі аб'яднання Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што, «знішчаючы гістарычную памяць нацыі, акупанты спрабавалі схаваць ад беларусаў нават магілы нашых пакараных продкаў». «Мы шануем гэтыя магілы, ганарымся сваімі святымі пакутнікамі і верым, што іх ахвяры не былі марнымі. Гэтую веру ўсяляе моладзь, якая не адраклася ад беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры», — сказаў В.Сіўчык.

Прадстаўнікі сілавых структур спрабавалі затрымаць і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці адну з удзельніц памінання за тое, што яна разгарнула бел-чырвона-белы сцяг. Аднак гэтая спроба не ўвянчалася поспехам: людзі не дазволілі гэтага зрабіць. Сцяг быў згорнуты, і акцыя працягнулася. Варта адзначыць, што супрацоўнікі міліцыі былі без бэйджаў з прозвішчамі, як гэта прадугледжваюць нарматыўныя дакументы.

У памінанні ўзялі ўдзел каля 50 чалавек, у тым ліку былыя рэпрэсаваныя, маладыя людзі, навукоўцы і краязнаўцы, а таксама дзевяць супрацоўнікаў сілавых структур.