ПАРЭ ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі

15.04.2008

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі.
У галасаваньні ўдзельнічала 69 дэлегатаў. За рэзалюцыю выказаліся 56 удзельнікаў галасаваньня, 11 чалавек прагаласавалі супраць і 2 чалавекі ўстрымаліся.

Хрыстас Пургурыдэс прадставіў на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы справаздачу аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. Сярод іншага сп. Пургурыдэс заклікаў сваіх расейскіх калегаў спыніць падтрымку рэжыму ЛУкашэнкі і выказаў спадзяваньне, што Расея магла б паўплываць на паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Пачалося абмеркаваньне справаздачы. Прадстаўніца Нямеччыны Сабіна Лёйтгойзэр-Шнарэнбэргер назвала Беларусь “найгоршай дыктатурай у сьвеце”. З гэтым не пагадзіўся прадстаўнік фракцыі аб'яднаных эўрапейскіх левых Тыні Кокс, які зазначыў, што ў Беларусі няма іншага выйсьця, як вярнуцца ў Эўропу, і Беларусь мусіць зрабіць першыя крокі сама. Зьвяртаючыся да беларускіх уладаў, сп. Кокс сказаў: “Пачынайце рухацца, вы чакалі занадта доўга. Ваша месца — у Эўропе”. Прадстаўнік Эстоніі Андрэс Хэркель назваў “сорамам, што ў ХХІ стагодзьдзі некага саджаюць у турму за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях”.

Прадстаўнік Расеі Леанід Слуцкі выступіў з рэзкай крытыкай “разноснай” справаздачы Пургурыдэса і бараніў дзеяньні беларускіх уладаў супраць апазыцыі. Паведамленьні пра зьнікненьні палітыкаў у Беларусі ён назваў ”выдумкамі” і ”прапагандысцкімі правакацыямі”.

Дакладчык ПАРЭ ў пытаньнях Беларусі Андрэа Рыгоні адзначыў, што недастаткова толькі асуджаць беларускія ўлады. На яго думку, трэба весьці шырэйшы дыялёг. Паводле Рыгоні, ілюзія — чакаць, што дэмакратыя сама прыйдзе ў Беларусь.

Прадстаўніца Расеі Сьвятлана Гарачова заявіла пра тэндэнцыйнасьць падрыхтаванага сп. Пургурыдэсам дакладу і выказала зьдзіўленьне, чаму на абмеркаваньні няма прадстаўнікоў афіцыйнага Менску.

Гедымінас Якавоніс, выступаючы ад імя літоўскай дэлегацыі, падкрэсьліў, што Рада Эўропы павінна сесьці за стол перамоваў з уладамі Беларусі, а літоўскі бок гатовы выступіць тут пасярэднікам. Паводле Якавоніса, дэлегацыя Літвы ўхваляе рэзалюцыю і рэкамэндацыі, вынесеныя на разгляд Парлямэнцкай асамблеі. Гедымінас Якавоніс зьвярнуў таксама ўвагу на неабходнасьць спрасьціць візавы рэжым Эўразьвязу для грамадзянаў Беларусі.

Прадстаўнік Камуністычнай партыі Расеі Сяргей Сабко рэзка скрытыкаваў даклад Хрыстаса Пургурыдэса, заявіўшы сярод іншага: "Беларусь пад Амэрыку ня ляжа".

Выступаючы з заключным словам, аўтар дакладу Хрыстас Пургурыдэс падкрэсьліў: сам беларускі рэжым вінаваты ў ізаляцыі. На думку сп. Пургурыдэса, Рада Эўропы скампрамэтуе сябе, калі пойдзе на дыялёг з афіцыйным Менскам у той час, як беларускія ўлады парушаюць правы чалавека і ня выканалі асноўных патрабаваньняў аб'яднанай Эўропы. "Наш абавязак як Рады Эўропы, — сказаў Пургурыдэс, — падтрымліваць апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць у краінах, дзе пануе дыктатура". Рэагуючы на рэзкую крытыку свайго дакладу з боку прадстаўнікоў Расеі, Пургурыдэс падкрэсьліў, што не прагучала нічога, што сьведчыла б пра няправільнасьць ці недакладнасьць фактаў, зьмешчаных у дакладзе. Аўтар дакладу таксама прарэагаваў на рэпліку аднаго з расейскіх удзельнікаў абмеркаваньня, які заявіў, што Аляксандру Казуліну для таго, каб быць вызваленым, дастаткова падаць прашэньне аб памілаваньні і выканаць пэўную працэдуру. На думку Хрыстаса Пургурыдэса, Казулін не вінаваты і не павінен прасіць аб памілаваньні.

Пасьля выступу фэдэральнага канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель на сэсіі ПАРЭ адзін з дэпутатаў ад Нідэрляндаў задаў пытаньне наконт парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, адзінай краіне кантынэнту, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы.

Спадарыня Мэркель выказала сваю заклапочанасьць тым, як разьвіваецца сытуацыя ў Беларусі і заявіла, што трэба знаходзіць шляхі падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, трэба як мага больш распаўсюджваць інфармацыю пра Беларусь, каб людзі, якія сёньня знаходзяцца ў беларускіх турмах паводле палітычных матываў, не адчувалі сябе ў адзіноце.

Спадарыня Мэркель таксама заявіла, што яна ўпэўненая ў тым, што Беларусь стане сябрам эўрапейскай дэмакратычнай сям’і.