Сытуацыя з правамі чалавека пагаршаецца

30.04.2008

29 красавіка ў Менску ў сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя аналітычнага агляду «Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2007 годзе». Яго аўтары прыйшлі да высновы, што сытуацыя з правамі чалавека ў краіне год ад году пагаршаецца.

Гэта юбілейны, дзясяты па ліку агляд парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. І, як цьвердзяць праваабаронцы, год ад году колькасьць старонак у ім павялічваецца. Давялося нават далучаць да кнігі табліцу, у якой зафіксаваны факты адміністрацыйнага перасьледу грамадзянаў у зьвязку з грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. Усяго такіх фактаў 612 — гэта затрыманьні, арышты й штрафы. Аднак, паводле праваабаронцаў, ужо ад пачатку гэтага году ў сьпісе адміністрацыйна затрыманых і асуджаных — больш за трыста асобаў.

Падсумоўваючы вынікі 2007 году, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі сказаў:

«Мы, на жаль, канстатуем чарговы раз, што грамадзкія і палітычныя правы ў нашай краіне сьціскаюцца як шчыгрынавая скура. І гэта ёсьць лягічнае разьвіцьцё таталітарнага рэжыму ў Беларусі, для якога правы чалавека зьяўляюцца рэччу варожай, несумяшчальнай зь ягоным існаваньнем. Таму гэты масіраваны наступ на грамадзкія і палітычныя правы ў нашай краіне працягваецца».

Паводле спадара Бяляцкага, 2007 год быў адметны працэсамі за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый і прэвэнтыўнымі масавымі затрыманьнямі прадстаўнікоў апазыцыі па ўсёй краіне. А таксама далучэньнем мэдычнай псыхіятрыі да барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.

Якраз сёньня ў сваім пасланьні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне з палітвязьнямі ў Беларусі закрытае. На гэта Алесь Бяляцкі сказаў:

«Можа, для яго яно вырашана і закрыта. Але для беларускіх праваабаронцаў, для ўсіх людзей, якія сочаць за сытуацыяй, гэтае пытаньне абсалютна не закрытае. Каб закрыць гэтае пытаньне — першае, што трэба зрабіць, гэта выпусьціць трох палітычных зьняволеных — Аляксандра Казуліна і двух новасьпечаных палітвязьняў, якіх мы атрымалі ў сакавіку-красавіку гэтага году. Гэта Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў, што крымінальны перасьлед у мінулым годзе быў вялікі, хоць не было ні выбараў, ні рэфэрэндумаў. Сытуацыя пагаршаецца па ўсіх паказьніках:

«Рухавік рэпрэсій, аднойчы раскруціўшыся, не спыняецца. Яму патрэбныя новыя і новыя ахвяры. І тое, што ўлады дэманструюць нейкія адлігі, некага адпускаюць, — мы такую ж сытуацыю бачылі ў гэтым годзе. Сытуацыя ў мінулым і гэтым годзе паказвае, што рэжым не зьмяняецца. Рэжым даволі жорсткі, аўтарытарны, які кантралюе грамадзтва, які звузіў межы свабоды да немагчымага. Вельмі моцныя абмежаваньні свабодаў».

Падчас прэзэнтацыі выступілі праваабаронцы й некаторыя героі агляду. Сярод іх — Зьміцер Хведарук:

«Без праваабарончай дзейнасьці, безумоўна, сытуацыя ў Беларусі была б яшчэ больш складанай. Горшай, бо мала хто ў сьвеце ведаў бы, што адбываецца ў нашай краіне».