9 гадоў таму зьнік генэрал Юры Захаранка

07.05.2008

9 гадоў таму — 7 траўня 1999 году — непадалёк ад свайго дому быў гвалтоўна выкрадзены экс-міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Па сёньняшні дзень ягоны лёс застаецца невядомым. Нітачкі прыватных расьсьледаваньняў сяброў сям’і вядуць да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Ушанаваць памяць генэрала ў гадавіну ягонага зьнікненьня плянавалі жыхары Берасьця. Аднак берасьцейскія ўлады не далі згоды на правядзеньне пікету. Сваю адмову яны аргумэнтуюць рамонтам вуліцы Савецкай, дзе хацелі сабрацца заяўнікі пікету. Было адмоўлена й Сьвятлане Завадзкай, якая падавала заяўку на аналягічны пікет у Менску.

Між тым «Маладыя Дэмакраты» пачалі збор подпісаў, каб вуліцы, на якой жыў Юры Заxаранка, надаць ягонае імя, — распавядае моладзевы актывіст Міхал Пашкевіч.

Міхал Пашкевіч: Гэта працяг тых акцыяў, якія мы пачалі яшчэ ў студзені, у дзень народзінаў Юрыя Захаранкі. Пасьля таго, як мы атрымалі фактычна проста адпіску ад Менгарвыканкаму, мы вырашылі найперш інфармаваць грамадзкую думку датычна Юрыя Захаранкі, каб давесьці да перайменаваньня ў ягоны гонар вуліцы, на якой ён жыў. Мы таксама зьбіраем подпісы за тым, каб на доме Юрыя Захаранкі была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда. Мы вырашылі не чакаць круглых датаў.

Прадстаўнік сям’і Захаранкі, праваабаронца Алег Воўчак зазначае, што на сёньня праваахоўныя ворганы разглядаюць адразу тры справы адносна Юрыя Захаранкі. Аднак ні ў воднай зь іх за гэтыя дзевяць гадоў не пастаўлена кропка.

Першая справа — крымінальна-вышуковая, якую расьсьледуе ГУУС Менгарвыканкаму. Такія справы ніколі не перапыняюцца, а закрываюцца толькі тады, калі чалавек аб'яўляецца.

Другая крымінальная справа распачата пракуратурай Менску па артыкуле „Забойства”, яна падоўжана да 24 чэрвеня. Але разглядаецца яна чыста фармальна. Сьледчы Кухаронак не паведамляе ні сваякам, ні іх прадстаўнікам, як прасунулася следзтва, якія вэрсіі адпрацоўваюцца. Сям’я атрымлівае толькі кароткую паперку пра тое, што справа ізноў падоўжана на тры месяцы, аб выніках будзе паведамлена дадаткова. За гэтыя дзевяць гадоў родныя далучылі да матэрыялаў справы ўсё, што маглі: усе часопісы, усе публікацыі. У апэратыўнікаў і сьледчых досыць інфармацыі, каб выклікаць і дапытаць у якасьці падазраваных высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

І трэцяя справа — цывільная аб прызнаньні Юрыя Захаранкі памерлым. Гэтая справа была прыпыненая нібыта ў сувязі з тым, што не разгледжаная крымінальная справа, таму суд ня можа вынесьці адпаведнага рашэньня. Хаця насамрэч адно другому не замінае, кажуць праваабаронцы.

Міхал Пашкевіч: Дагэтуль сям’і Заxаранкі адмоўлена ў тым, каб яго прызналі памерлым. У гэтым статусе таксама крыецца шэраг праблемаў для сям’і. Відавочна, што рэжым ня пойдзе на прызнаньне свайго злачынства ў дачыненьні Юрыя Заxаранкі, бо калі сказаць людзям праўду раз, калі сказаць другі, то на трэці раз людзі пачнуць яе шукаць самі.

Тое, што жонцы зьніклага апэратара адмаўляюць у пікеце ў памяць пра зьніклага генэрала, як гэта назваць? Паскудзтва. І тое, што яны дагэтуль ня хочуць прызнаць гэтага злачынства, адно адводзяць вочы.

Як ні дзіўна, травень, нягледзячы на выходныя, выдаўся багатым на пікеты, акцыі, заяўкі. І датычна абароны свабоды прэсы, і датычна памяці Юрыя Захаранкі. Я думаю, рэжым не чакаў, што выходныя дні будуць багатымі на такія мерапрыемствы.

Сям'я Юрыя Захаранкі апошнія гады жыве ў Нямеччыне — жонцы, дзьвюм дочкам і ўнуку генэрала нямецкія ўлады далі палітычны прытулак. Пакуль зьніклага не прызнаюць памерлым, ягоныя блізкія ня могуць нават прадаць кватэры ў Менску.

Улада проста баіцца прызнаць Захаранку памерлым, бо гэта будзе мець свае наступствы, кажа Алег Воўчак.

Алег Воўчак: Я думаю, што тут толькі чыста палітычныя матывы, не юрыдычныя, бо паводле любога заканадаўстава, нават міжнароднага, калі на працягу трох гадоў чалавек нідзе не паяўляўся, то суд павінен прызнаць яго памерлым. Але для нашага суду гэтых трох гадоў аказалася замала. Маўляў, вядзецца расьсьледаваньне, і яго могуць яшчэ знайсьці. Хоць Грамадзянскі кодэкс дазваляе прызнаць памерлым зьніклага, калі ад яго не было інфармацыі ані па месцы працы, ані па месцы жыхарства ці ад іншыx сьведкаў. Яго не прызнаюць памерлым, бо гэтым самым ўлады прызнаюцца ў забойстве Юрыя Захаранкі. Тады ўжо дакладна можна будзе патрабаваць надаць вуліцы ягонае імя, устанавіць памятную шыльду ў ягоны гонар. Зь іншага боку, гэта быў бы таксама шок для многіх супрацоўнікаў міліцыі. Калі Захаранку аб’явяць памерлым, то будзе зразумела, што ён быў выкрадзены й зьліквідаваны па палітычных матывах.

Акцыі ўшанаваньня памяці Юрыя Захаранкі маюць некалькі мэтаў. Найперш — прыгадаць грамадзкасьці пра ягонае зьнікненьне, патрабаваць ад уладаў рэальнага сьледзтва па справах вядомых у Беларусі людзей, якія зьніклі, а сярод іх, нагадаем, Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі й журналіст Зьміцер Завадзкі. Праваабаронцы патрабуюць, каб Беларусь урэшце ратыфікавала Міжнародную канвэнцыю па абароне насельніцтва ад гвалтоўных зьнікненьняў, бо гэты дакумэнт дае дадатковыя гарантыі жыхарам Беларусі абароны ад усемагчымых парушэньняў іх асабістае свабоды й недатыкальнасьці.