Арыштаваныя Зьміцер Дашкевіч i Артур Фінькевіч

21.05.2008

«Выгукваў лёзунгі, заклікі аб далучэньні Беларусі да Эўразьвязу, чым парушыў усталяваны парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ў пастанове суда Першамайскага раёну аб арышце лідэра Маладога Фронту, Зьмітра Дашкевіча.

Нагадаем, што судовы працэс адбываўся паводле пратаколу, складзенага на Зьмітра за ўдзел у акцыі «Дзень Эўропы», якую ладзілі сябры кампаніі «Эўрапейская Беларусь» 1 траўня 2008 года ля Нацыянальнай бібліятэкі. Раней за гэтую ж акцыю былі асуджаныя лідэр БСДГ Мікалай Статкевіч і намесьнік старшыні Маладога Фронту, Артур Фінькевіч. Падчас правядзеньня мірнае акцыі многія ўдзельнікі яе былі зьбітыя, супрацоўнікі сілавых структураў рвалі і канфіскоўвалі ў актывістаў дэмакратычнага руху эўрапейскія сьцягі.

За камэнтарам з нагоды чарговых судовых выракаў за мірныя акцыі, мы зьвярнуліся да амбасадара Францыі ў Беларусі, Мюрэй Мюсо, якая ў дадатак да сваіх асноўных функцыяў, зьяўляецца прадстаўніком у нашай краіне Эўрапейскага Зьвязу.

Мюрэй Мюсо: «Мы выказваем глыбокае шкадаваньне ў сувязі з прысудамі, вынесенымі Зьмітру Дашкевічу, а таксама Мікалаю Статкевічу й Артуру Фінькевічу, якія прымалі ўдзел у сьвяткаваньні 1-га траўня 2008 году. Мы нагадваем, што свабода сходаў і свабода выказваньня думак зьяўляюцца фундамэнтальнымі правамі кожнага грамадзяніна дэмакратычнай краіны і заклікаем беларускія ўлады да выкананьня гэтых правоў у межах абавязацельстваў, прынятых на сябе Беларусьсю, якая зьяўляецца сябрам ААН і АБСЭ. Мы асабліва шакаваныя тым, што прысуды заснаваныя на закліках маніфэстантаў да збліжэньня з Эўразьвязам, у той час, калі белрускія ўлады выказваюць пастаяннае жаданьне да правядзеньня больш шчыльнага дыялёгу з Эўрапейскім Зьвязам па ўсіх накірунках».