Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель асуджаны на 7 сутак

23.05.2008

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель завочна асуджаны судом Першамайскага раёна да 7 сутак арышту. Сёння актывіст атрымаў па пошце копію пастановы суду.

Нагадаем, што такія ж завочныя прысуды за ўдзел у афіцыйным першамайскім мітынгу былі вынесены актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Паўлу Юхневічу і лідэрам «Маладога Фронту» Змітру Дашкевічу і Артуру Фінькевічу. Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, рашэнне суду Першамайскага раёна супярэчыць закону і не з'яўляецца правамоцным.

Больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» прышлі 1 траўня да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзнялі на афіцыйным мітынгу дзесяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 траўня афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. Да таго ж, дата мае вялікае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.

Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПу. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі іх, адымалі сінія полкі з зоркамі.

Усяго падчас афіцыйнага мітынгу было затрымана каля 30 чалавек. Раней за гэтую ж акцыю адбыў 15 сутак арышту адзін з лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» Мікалай Статкевіч.